Эканомика

НОВЫЯ ПРАЦОЎНЫЯ МЕСЦЫ

КАРОТКАЕ АПІСАННЕ

У Беларусі за апошнія 30 гадоў ніхто (у тым ліку ўрад) мэтанакіравана не займаўся ўвядзеннем ды ўкараненьнем дасягненьняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Краіна штогод губляла не менш за 50 тысяч працоўных месцаў, а гэта супастаўляльна з насельніцтвам не самага маленькага беларускага горада. Вось ужо 12 гадоў (з 2008 году) сярэдняя зарплата ў краіне ў даляравым эквіваленце вагаецца паміж 400 і 500 доларамі.

Для стварэння сучаснага рынку працы з невысокім беспрацоўем, магчымасцямі для моладзі, эканамічным патэнцыялам для інвестараў і прадпрымальнікаў неабходна ўсталяваць новы баланс інтарэсаў. У ім, безумоўна, ёсць месца для дзяржавы. Сёння сітуацыя з беспрацоўнымі зайшла ў тупік. Урад перашкаджае аптымізацыі рабочай сілы на дзяржаўных прадпрыемствах. Аднак асноўныя рашэнні аб выбары сфераў дзейнасьці, аб’ёме ды формах інвестыцыяў, месцы размяшчэньня вытворчасці, колькасці працоўных месцаў, узроўні аплаты працы павінны прымаць інвестары. Менавіта прадпрымальнікі рэалізуюць ідэі на свае, а не на бюджэтныя грошы.

ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ СКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

Праблемы на рынку працы Беларусі маюць інстытуцыянальны характар. Неабходным ёсць прыняцце комплексных праграмаў, якія закранаюць не толькі ўласна рынак працы, але і сферу адукацыі, рэгуляваньне прадпрымальніцкай дзейнасці, заканадаўчыя абмежаванні і іншыя галіны дзяржаўнай палітыкі.

Для стварэння новых працоўных месцаў трэба якасная макраэканамічная палітыка, г. зн. нізкая інфляцыя, дысцыплінаваная бюджэтная палітыка, шырокі прастор для прыватнай ініцыятывы і адказнасць за інвестыцыйныя рашэнні.

Існая ў Беларусі эканамічная мадэль мае шэраг недахопаў, якія стрымліваюць эканамічнае разьвіцьцё і рост дабрабыту грамадзянаў:

– Рынак працы празмерна зарэгуляваны. Складанасці з найманнем і звальненнем работнікаў, наяўнасць вялікай колькасці адміністрацыйных абмежаванняў блакуюць мадэрнізацыю рынку працы.

– Захаванне старой структуры занятасці пагаршае сітуацыю на рынку працы ў звязку з негатыўнымі дэмаграфічным тэндэнцыямі, хуткім развіццём тэхналогіяў, больш канкурэнтнымі варункамі для развіцця прадпрымальніцтва ў суседніх краінах, у Азіі і ў Еўрапейскім Звязе.

– Урад ігнаруе праблему монагарадоў, не надае належнай увагі дыверсіфікацыі рынкаў збыту і павышэння канкурэнтаздольнасці краіны.

– Дзяржава не надае належнай увагі развіццю малога прадпрымальніцтва, даванню льготаў тым, хто за свой кошт стварае новыя працоўныя месцы.

– Празмернае ўмяшальніцтва дзяржавы ў вызначэньне ўмоваў працоўнага дагавора (кантракта) зніжае стымулы для працы на ўзаемавыгоднай аснове. Жорсткае рэгуляванне дзяржавай адносінаў паміж работнікам і наймальнікам спрыяе ўцёкам «мазгоў» і высокакваліфікаваных работнікаў ручной працы.

– Палітыка ўраду ў галіне стварэння і захавання працоўных месцаў засяроджваецца на падтрымцы буйных прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці з дапамогай грашовых уліванняў. Хоць рэсурсы ў дзяржавы ва ўмовах эканамічнага крызісу скарачаюцца.

МЭТЫ І ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

  1. Распрацоўка перспектыўнай сістэмы поўнай і прадуктыўнай занятасці на аснове прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права.
  2. Мэтанакіраваная палітыка па развіцці дыялогу паміж дзяржаваю, працадаўцамі і прафсаюзамі.
  3. Стварэнне сістэмы фінансавай, інфармацыйнай, адукацыйнай падтрымкі беспрацоўных і работнікаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі страты працы.
  4. Фармаванне спрыяльных умоваў (бізнэсовага ды інвестыцыйнага клімату) для стварэння прадпрымальнікамі, прыватным бізнэсам, замежнымі інвестарамі і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі новых працоўных месцаў.
  5. Мадэрнізацыя інфраструктуры (дарогі, электраэнергетыка, цеплавая энергетыка, тэлекамунікацыі, водазабеспячэньне, сістэма прыбірання смецця і абароны экалогіі) для прываблівання інвестараў.
  6. Развіццё фінансавых інстытуцыяў, якія забяспечваюць доступ да грашовых рэсурсаў, неабходных для стварэньня новых працоўных месцаў і рэалізацыі камерцыйных праектаў.
  7. Пашырэнне рынкаў збыту, на якіх беларускія камерцыйныя арганізацыі могуць прадаваць свае тавары і паслугі без тарыфных і нетарыфных абмежаванняў. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра Расею, краіны праграмы «Усходняе партнёрства» і краіны Еўрапейскага Звязу.
  8. Адаптацыя сістэмы адукацыі Беларусі да патрабаванняў сучаснага рынку працы, паступовы рух нашай краіны да эканомікі ведаў.
  9. Бяспека чалавека і прадпрымальніка, стабільнасць дзяржаўных інстытуцыяў, культура працавітасці.
  10. Барацьба з карупцыяй.

АСНОЎНЫЯ ЗАХАДЫ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМАЎ

  1. Стымуляваць індывідуальных прадпрымальнікаў да стварэння новых працоўных месцаў. У нашай краіне зарэгістравана 241,3 тыс. прадпрымальнікаў. Па найме і па дагаворах грамадзянска-прававога характару ў іх працуе ўсяго 53 тыс. чалавек. Між тым, патэнцыял дадзенай эканамічнай групы на рынку працы вельмі вялікі. Для разьняволення ІП неабходна прыняць такія першачарговыя меры, як:

– права свабоднага наймання работнікаў;

– зніжэнне ставак адзінага падатку ў тры разы;

– увядзенне патэнту;

– зніжэнне ставак арэнды ў аб’ектах, якія належаць органам дзяржаўнага кіравання, у тры разы;

– скарачэнне адміністрацыйнага цяжару напалову. Перш за ўсё неабходна вырашыць праблему суправаджальных дакументаў і сертыфікацыі.

У выніку на працягу двух гадоў ІП змогуць стварыць дадаткова да 300 тысяч новых працоўных месцаў. Гэтыя месцы будуць занятыя як моладдзю, так і звольненымі з дзяржпрадпрыемстваў работнікамі. Новыя працоўныя месцы збольшага будуць створаныя ў сферы гандлю ды грамадскага харчавання, побытавага абслугоўвання, рамонту жылля, транспарту, абслугоўвання транспартных сродкаў, гатэльнага бізнэсу і прыдарожнага сэрвісу.

  1. Стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця малога бізнэсу. У канцы 2018 года ў Беларусі працавала крыху менш за 109 тысяч суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, на якіх было занята 790 тыс. чалавек. У пакеце комплекснай падтрымкі развіцця малога бізнэсу павінны быць прадугледжанымі наступныя захады:

– мадэрнізацыя бізнэсовага клімату;

– спрашчэнне сертыфікацыі прадукцыі, якая выпускаецца;

– дэманапалізацыя ўнутранага рынку;

– зніжэнне падатковай нагрузкі як мінімум на 40%;

– скарачэнне адміністрацыйнага цяжару з 15% выручкі сёння да 5–7%;

– лібералізацыя цэнаў;

– амністыя даходаў.

Малы прыватны бізнэс на працягу трох гадоў створыць у Беларусі не менш за 300 тысяч новых працоўных месцаў. Яны будуць запаўняцца звольненымі работнікамі мясцовых дзяржаўных прадпрыемстваў, моладдзю, а таксама працоўнымі мігрантамі з іншых вобласцяў ды гарадоў Беларусі. Малы бізнэс краіны будзе зрэалізоўваць свой патэнцыял у сферы паслугаў, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, у тым ліку ў перапрацоўчай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, у будаўніцтве, у вытворчасьці праграмнага забеспячэння і развіцця інфраструктуры навучання, лекавання і адпачынку.

  1. Зрабіць усе мажлівыя захады па прывабліванні замежных інвестараў, у тым ліку транснацыянальных карпарацыяў (ТНК).

Сёння патэнцыял ТНК ў Беларусі рэзка абмежаваны. Для яго паўнавартаснага скарыстання неабходныя наступныя меры:

– шыракамаштабная прыватызацыя,

– развіццё паўнавартаснага рынку зямлі,

– забеспячэнне незалежнасці судовай улады,

– стварэнне прававых гарантыяў правоў уласнасці,

– дэбюракратызацыя і дэманапалізацыя эканомікі,

– лібералізацыя бягучага і капітальнага рахункаў,

– прыняцце асноўных рынкавых нормаў і стандартаў Еўразвязу для тавараў і паслуг,

– стварэнне зоны свабоднага гандлю з Расеяй, Украінай і Еўрапейскім Звязам.

У выпадку рэалізацыі вышэйзгаданых крокаў аб’ём прамых замежных інвестыцыяў павялічыцца з $2333 на душу насельніцтва на 1 красавіка 2019 г. да $5000.

На працягу бліжэйшых гадоў замежныя інвестары і прадпрыемствы з замежным капіталам створаць у Беларусі як мінімум 400 тысяч працоўных месцаў. Мусяць істотна палепшыцца галіновая і геаграфічная структура ўкладанняў. Новыя працоўныя месцы зоймуць вызваленыя работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, звольненыя дзяржаўныя службоўцы, выпускнікі ВНУ, прадпрымальнікі і скарочаныя супрацоўнікі сілавых структур. Новыя працоўныя месцы будуць стварацца пераважна ў высокатэхналагічных экспартна арыентаваных арыентаваных арыентаваных галінах, прамысловасці, сектары паслугаў і транспарце. Замежны капітал створыць шмат працоўных месцаў у фінансавым сектары, прамысловасці і інфраструктурных сектарах.

  1. Правесці рэструктурызацыю, мадэрнізацыю, частковую або поўную прыватызацыю вялікіх і сярэдніх дзяржаўных прадпрыемстваў.

Дзеля гэтага неабходна прадугледзець наступныя захады:

дэтаксікацыя актываў,

ліквідацыя «мёртвага» капіталу,

аптымізацыя колькасьці старых працоўных месцаў,

прывабліванне замежных або беларускіх партнёраў,

адаптацыя стратэгіі развіцця да посткрызіснага попыту.

У выніку дзяржпрадпрыемствы здолеюць стварыць 100 тысяч новых працоўных месцаў.

  1. Забяспечыць рэформы фінансавымі рэсурсамі.

Індывідуальныя прадпрымальнікі будуць ствараць новыя працоўныя месцы пераважна на свае грошы, на пазычаныя рэсурсы ад сваякоў ды знаёмых. У якасці крыніцы крэдытных рэсурсаў для ІП неабходнымі з’яўляюцца спрыяльныя ўмовы і сістэма стымулаў для развіцця фінансавых установаў мікракрэдытавання і крэдытных саюзаў.

Ацэнкава, каля USD 2 млрд зберажэнняў ды прыцягнутых рэсурсаў ІП можа быць выкарыстана для стварэньня новых працоўных месцаў. Новыя працоўныя месцы ў сферы гандлю і паслугаў не патрабуюць наяўнасці вялікага капіталу для ўваходжаньня на рынак.

Прыватны малы і сярэдні бізнэс (МСП) разлічвае на свае зберажэнні, абаротны капітал, а таксама на банкаўскія крэдыты. Іх патанненне, а таксама паляпшэнне ўмоваў крэдытавання будзе рэальным у выніку прыцягнення новага капіталу ў банкаўскую сферу, яе прыватызацыі і развіцця паўнавартаснага канкурэнтнага асяроддзя. Варта выключыць шырокі распаўсюд дыскрымінацыйных практык з боку дзяржаўных банкаў і іншых фінансавых арганізацый.

МСП зробіцца партнёрам у рэалізацыі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі інвестарамі. Інвестыцыйны патэнцыял малога і сярэдняга бізнэсу, які будзе выкарыстоўвацца на стварэнне новых працоўных месцаў, ацэнваецца ў USD 8 млрд. Асноўныя сферы стварэння новых працоўных месцаў МСП – гэта аптовы і рознічны гандаль, грамадскае харчаваньне, прамысловасць, будаўніцтва, кампутарныя і побытавыя паслугі, рэклама, паліграфічныя і кансалтынгавыя паслугі.

Праграма прадугледжвае актыўны ўдзел замежных інвестараў у прыватызацыі, а таксама стварэнне імі камерцыйных арганізацыяў «з нуля», гэтак званых інвестыцыяў «зялёнага поля». Асноўныя сферы стварэння новых працоўных месцаў замежным капіталам – гэта фінансавыя паслугі (банкі, страхавыя кампаніі, фонды), прамысловасьць, інфраструктурныя сектары, здабыўная прамысловасць, ТЭК, сельская гаспадарка, лагістыка і транспарт.

У спрыяльных варунках (добры інвестыцыйны клімат, абарона правоў прыватнай уласнасці, ўступанне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА), зона свабоднага гандлю з Расеяй, Украінай і Еўразвязам) замежныя інвестары могуць ўкласці ў Беларусь да USD 25 млрд на працягу чатырох гадоў.

Цалкам або часткова прыватызаваныя вялікія і сярэднія дзяржпрадпрыемствы (у партнёрстве з прыватным беларускім ці замежным капіталам) будуць прыцягваць крэдыты банкаў, выпускаць свае аблігацыі, прапаноўваць пакеты акцыяў для патэнцыйных інвестараў, а таксама атрымоўваць рэсурсы з дапамогаю выхаду на фондавыя рынкі. Ацэнкава інвестыцыйны патэнцыял вялікага і сярэдняга бізнэсу (дзяржаўнага і прыватызаванага) складае каля USD 10 млрд.

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ

Парламент, міністэрствы і ведамствы, мясцовыя органы ўлады.

Вынік стварэння новых працоўных месцаў павінен быць галоўным крытэрам у ацэнцы дзейнасці органаў улады ў цэнтры ды на месцах.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Праграма стварэння новых працоўных месцаў павінна быць зацверджаная адпаведным законам.

Рашэнне праблемы рэфармавання эканомікі, стварэння новых працоўных месцаў, прыцягнення інвестыцыяў запатрабуе прыняцця шэрагу заканадаўчых актаў, унясення зменаў практычна ва ўсе дзейныя кодэксы.

Прапановы распрацаваныя экспертамі: Леў Марголін, Яраслаў Раманчук, Станіслаў Багданкевіч, Міхаіл Чыгір.

Leave a Comment

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Scroll to Top