РЭФАРМАВАННЕ СІСТЭМЫ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ ІІ

Пераходны перыяд (2021 – 2025 гг.).

КАРОТКАЕ АПІСАННЕ

Існуючая ў Беларусі постсавецкая мадэль дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя па фінансавых магчымасцях, структуры, кадравым патэнцыяле, арганізацыйных прынцыпах дзейнасці не адпавядае сучасным патрабаванням.

Для забяспячэння сучаснага ўзроўню медычнага абслугоўвання неабходна ўвядзенне страхавой медыцыны па накапляльным прынцыпе, з захаваннем сацыяльных гарантыяў з боку дзяржавы для вызначаных сацыяльных групаў насельніцтва. Гэта працэс доўгатэрміновы, працягласцю не менш за 10 гадоў.

У першыя 5 год прапануецца правядзенне падрыхтоўчых мерапрыемстваў для хуткага і бяспечнага пераходу з бясплатнага дзяржаўнага да змешанага медычнага абслугоўвання з абавязковым медычным страхаваннем для працаздольнага насельніцтва і захаваннем прынцыпу бясплатнасці для асобных сацыяльных групаў: распрацоўка юрыдычных, эканамічных зменаў заканадаўства, правядзенне структурных і кадравых рэформаў аховы здароўя.

АБГРУНТАВАННЕ НЕАБХОДНАСЦІ РЭФОРМАЎ

У Беларусі захавалася з савецкіх часоў дзяржаўная сістэма аховы здароўя, якая фінансуецца з дзяржбюджэту і забяспечвае бясплатнае лячэнне пацыентаў. Савецкая сістэма не можа забяспечыць якаснага ўзроўню медычнай дапамогі, якая патрабуецца ў сучасных умовах:

– высокатэхналагічнага абсталявання для дакладнай і хуткай дыягностыкі,

– высокаякасных лекавых сродкаў і сучаснай апаратуры для эфектыўных і нетраўматычных прыёмаў лячэння,

– спецыялістаў высокага ўзроўню, якія могуць працаваць на гэтым абсталяванні.

ПРАБЛЕМЫ, НА ЯКІЯ НАКІРАВАНА РЭФОРМА

  1. Недасканалая структура стацыянарных медычных устаноўз вялікай іх доляй у райцэнтрах і сельскай мясцовасці, насельніцтва якой хутка памяншаецца.

Фінансаванне стацыянарных медустаноў у залежнасці ад наяўнасці ложка-месцаў і

патрабаванні выканання іх планавага запаўнення (так званы ложка/дзень) робяць

немагчымым павышэнне эфектыўнасці іх выкарыстання, і тым больш скарачэння. У гэтым

не зацікаўлена ні ахова здароўя, ні мясцовыя ўлады.

Больш за 1/3 шпіталяў прыходзіцца на ўчастковыя медустановы, разлічаныя ў сярэднім на

25 пацыентаў. Палова з іх забяспечваюцца толькі меддаглядам, а не лячэннем. Гэтыя

шпіталі даўно пераўтвораны ў часовы сацыяльны прытулак для адзінокіх пенсіянераў.

Забяспечанасць ложка-месцамі ў стацыянарах значна перавышае рэальныя патрэбы, асабліва на раённым і гарадскім узроўні, дзе лячэнне ў спецыялізаваных аддзяленнях не можа забяспечыць якаснае медычнае абслугоўванне.

  1. Амбулаторнае абслугоўванне – найбольш слабае месца аховы здароўя.

З-за нізкіх заробкаў і высокай інтэнсіўнасці працы ў гэтых установах мае месца найбольшы недахоп медыкаў і частая змена спецыялістаў. Галоўныя прычыны гэтаму – прынцып фінансавання паліклінік у залежнасці ад колькасці наведванняў пацыентаў, нізкія нарматывы на тэрмін абслугоўвання аднаго пацыента, вядзенне ўсёй дакументацыі ўручную. Увядзенне пасады памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай працы прывяло да яшчэ большай колькасці папер, якія неабходна запаўняць.

Штогод колькасць наведванняў да ўрача складае больш за 10 на кожнага жыхара Беларусі. Гэта ў значнай ступені звязана з ільготнай сістэмай аплаты ліста непрацаздольнасці. Чарговая спроба рэфармавання паліклінічнай сістэмы праз замену ўчастковага тэрапеўта на ўрача агульнай практыкі адбываецца ў многім фармальна. Перавод тэрапеўтаў на пасаду ўрача агульнай практыкі патрабуе грунтоўнай перападрыхтоўкі па іншых спецыяльнасцях, што за 1 ці нават 3 месяцы курса павышэння кваліфікацыі немагчыма. Запланаванае скарачэнне за кошт гэтага спецыялізаваных кабінетаў у паліклініках прывядзе да значнага пагаршэння якасці медычнага абслугоўвання.

  1. Выкарыстанне брыгад хуткай медычнай дапамогі не па профілю.

Большая частка выклікаў брыгадаў звязана з санітарнай перавозкай, патранажнай дзейнасцю (зрабіць ін’екцыю, памераць ціск і г.д.), а не аказаннем неадкладнай медычнай дапамогі.

  1. Амаль 35% медыкаў не займаюцца непасрэдна працай па сваёй спецыяльнасці.

У сістэме аховы здароўя працуюць 58,5 тыс. медыкаў з вышэйшай адукацыяй і 126,6 тыс. спецыялістаў з сярэдняй медычнай адукацыяй. Аднак займаюць непасрэдна пасады ўрачоў-спецыялістаў толькі 48,9 тыс. 9,4 тыс. кваліфікаваных медыкаў не займаюцца медабслугоўваннем насельніцтва. А непасрэдна практыкуючых ўрачоў-спецыялістаў у Беларусі толькі 38,5 тыс.

  1. Медычныя спецыяльнасці не карыстаюцца павагай з-за нізкай аплаты працы.

Маладыя спецыялісты пасля атрымання спецыяльнасці масава эмігруюць у іншыя краіны. Вялікі каэфіцыент сумяшчальнасці сярод медыкаў ўплывае на якасць медыцынскіх паслуг, зніжае магчымасці медперсаналу для павышэння кваліфікацыі.

Каэфіцыент сумяшчальнасці складае 1,36 па краіне, а з дадатковымі дзяжурствамі – 1,5 – 1,75 у большасці практыкуючых спецыялістаў.

  1. Недастатковае фінансаванне аховы здароўя.

З бюджэту на ахову здароўя выдзяляецца ад 3,8 да 4,2 % ВУП. Па долі ў ВУП гэта найлепшы паказчык сярод краін СНГ, але няшмат у параўнанні з еўрапейскімі краінамі.

Размеркаванне гэтых фінансаў адбываецца нераўнамерна. На забяспячэнне рэспубліканскіх спецыялізаваных цэнтраў сучасным абсталяваннем і сродкамі для высокаякаснай дыягностыкі і эфектыўнага лячэння, патрабуюцца значныя ўкладанні.

Аднак гэтыя цэнтры абслугоўваюць толькі нязначную долю пацыентаў. У той жа час, на нізавых узроўнях (раённы і гарадскі), дзе абслугоўваецца абсалютная большасць пацыентаў і дзе працуе большасць медперсаналу, выяўляецца значны недахоп фінансавання.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ / ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Галоўнай мэтай рэформы з’яўляецца стварэнне сучаснай высокатэхналагічнай сістэмы аховы здароўя, якая б гарантавала:

  • даступную і бясплатную медыцынскую дапамогу ў межах устаноўленых пратаколаў і магчымасцяў дзяржбюджэту для ўсяго насельніцтва;
  • высокакваліфікаваную паліклінічную, стацыянарную і спецыялізаваную дапамогу для сацыяльных групаў без пастаянных даходаў (дзяцей, цяжарных жанчын і жанчын у перыяд дагляду за нованароджаным, студэнтаў, вайскоўцаў тэрміновай службы);
  • высокакваліфікаваную, высокатэхналагічную спецыялізаваную кансультатыўную, дыягнастычную і лячэбную меддапамогу працуючым грамадзянам на аснове іх абавязковага медстрахавання па індывідуальнаму накапляльнаму механізму;
  • фармаванне асабістай адказнасці грамадзян за захаванне свайго здароўя;
  • салідарны прынцып фінансавання сістэмы аховы здароўя з боку дзяржавы і яе грамадзян.

Задачы:

  • павышэнне якасці і даступнасці медычных паслуг,
  • павышэнне эфектыўнасці працы устаноў аховы здароўя,
  • павышэнне ўзроўню прафесіяналізму медычных работнікаў,
  • павышэнне асабістай адказнасці грамадзян за сваё здароўе;
  • зніжэнне выдаткаў дзяржаўнага бюджэту на ўтрыманне сістэмы аховы здароўя.

ЭТАПЫ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

  1. Першы этап (2-3 гады):
  2. Сістэме аховы здароўя неабходна правесці аналіз і дакладны падлік:

– коштаў тых ці іншых медпаслуг,

– коштаў штодзённага ўтрымання пацыента ў шпіталях рознай спецыялізацыі,

– затрат медперсанала на аказанне розных медпаслуг,

– коштаў працы брыгад хуткай дапамогі на адзін стандартны выезд,

– коштаў ўтрымання асноўных фондаў медустаноў,

– запатрабаванасці тых ці іншых медпаслуг і рэальная ацэнка магчымасцяў медычных устаноў па іх рэалізацыі.

  1. На аснове гэтых дадзеных і пратаколаў дыягностыкі і лячэння пацыентаў з блізкімі групамі захворванняў неабходна:

– распрацаваць медыка-эканамічныя стандарты і аб’ектыўныя крытэрыі, па абгрунтаванні аб’ёмаў медпаслуг пры розных відах захворванняў;

– распрацаваць і афіцыйна зацвердзіць тарыфы і стандарты па аказанні комплексных медпаслуг, і іх дыфэрэнцыяцыю ў залежнасці ад складанасці працэдур;

– акрэсліць аб’ектыўныя крытэрыі па абгрунтаванню пераводу пацыента на стацыянарнае лячэнне і лячэнне ў высокаспецыялізаваных цэнтрах;

– абгрунтаваных крытэраў, якія даюць права да перагляду страхавых кантрактаў і абскарджанню якасці медпаслуг.

  1. Падрыхтоўка комплекса юрыдычных і эканамічных дакументаў, якія рэгулююць дзейнасць сістэмы аховы здароўя пры ўвядзенні страхавой мадэлі медычнага абслугоўвання.
  2. Правядзенне шырокай інфармацыйнай кампаніі.

Пры распрацоўцы зменаў у заканадаўстве да абмеркавання павінны быць прыцягнутыя грамадскія арганізацыі, незалежныя эксперты і СМІ. Шырокая грамадская дыскусія павінна зрабіць законы дасканалымі і кансалідаваць грамадства, падрыхтаваць яго да радыкальных зменаў у сістэме аховы здароўя.

  1. Другі этап (3-5 гадоў)– рэструктуразацыя сістэмы аховы здароўя:
  2. Установы аховы здароўя павінны быць пераўтвораны ў самастойныя адзінкі, якія маюць некалькі крыніц фінансавання.

Павінны быць прынятыя законы і палажэнні, якія рэгулююць:

  • парадак аказання медпаслуг,
  • узаемадзеянне і ўзаемаразлікі розных устаноў у аказанні комплекснай меддапамогі,
  • парадак і механізм распараджэння сродкамі, атрыманымі медустановамі як з бюджэту, так і за аказанне медпаслуг па страхавых кантрактах.

Пераўтварэнне ўстаноў аховы здароўя ў самастойныя адзінкі і іх функцыянаванне ў канкурэнтным рынкавым асяродку непазбежна ў перспектыве прывядзе да замены галоўных урачоў на менеджараў і арганізатараў з іншымі функцыямі і магчымасцямі.

Бюджэтныя сродкі павінны выдзяляцца на ўтрыманне асноўных фондаў (будынкаў, абсталяванне) і медычнае абслугоўванне вызначаных сацыяльных груп па адпаведных тарыфах і стандартах. Іх медабслугоўванне фінансуецца дзяржавай.

Сродкі пацыентаў са страхавымі кантрактамі па ўстаноўленых тарыфах і стандартах за аказаныя медычныя паслугі ідуць на аплату працы медыкаў і набыццё сучаснага абсталявання.

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ

Прэзідэнт, Вярхоўны Савет.

Падрыхтоўка і рэалізацыя рэформы: Міністэрства аховы здароўя.

Актыўны ўдзел органаў мясцовай улады: выканкамы, мясцовыя саветы.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

– Закон аб абавязковым медычным страхаванні (увядзенне яго ў дзеянне да канца 2025 года).

– Палажэнне аб прынцыпах страхавання працуючых на прадпрыемствах і ўстановах усіх форм уласнасці Беларусі.

– Палажэнне аб установах аховы здароўя, якое замацоўвае пераўтварэнне ўстаноў аховы здароўя ў самастойныя адзінкі.

– Палажэнне аб дзяржаўных гарантыях прадстаўлення застрахаваным пацыентам медычных паслуг, устаноўленых законам.

– Палажэння аб абароне правоў пацыентаў (працэс абскарджання).

Распрацоўка Міністэрствам аховы здароўя:

– графік (пералік і паслядоўнасць) мерапрыемстваў на пачатковым этапе правядзення рэформаў;

– змены ў заканадаўчыя акты, якія рэгулююць дзейнасць сістэмы аховы здароўя ў новых умовах;

– аналіз рэальна запатрабаванага аб’ёму аказваемых медычных паслуг;

– разлік сярэдняга кошту запатрабаваных медычных паслуг,

– разлік рэальна запатрабаванай колькасці ложкаў у шпіталях,

– разлік неабходнай колькасці практыкуючых медыкаў і г. д.

Прапановы, распрацаваны экспертам: Сяргей Мальчык, кандыдат мэдычных навук.

Leave a Comment

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Scroll to Top