РЭФАРМАВАННЕ СЛУЖБЫ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ

КАРОТКАЕ АПІСАННЕ 

У Беларусі захавалася савецкая сістэма аховы здароўя з вялікай колькасцю шпіталёў. Яны прызначаны для хуткай ізаляцыі і лячэння вялікай колькасці пацыентаў з інфекцыйнымі хваробамі. Гэта было найбольш актуальна на пачатку ХХ стагоддзя.

Перафакусаванне сістэмы для працы на патрэбы чалавека, а не ўлады ці дзяржавы, развіццё медычнай дапамогі, максімальна набліжанай да патрэбаў чалавека – даступнай, індывідуалізаванай і якаснай. Асноўнымі кірункамі рэформ аховы здароўя з’яўляецца ўмацаванне першаснага звяна медычнай дапамогі і павышэнне якасці і эфектыўнасці медычнай дапамогі. Да асноўных задач, якія давядзецца вырашыць, адносіцца скарачэнне залішняй колькасці бальнічных ложкаў, удасканаленне сістэмы кіравання аховай здароўя, а таксама развіццё эканамічна эфектыўных тэхналогій. Паляпшэнне якасці медыцынскіх паслугаў павінен паспрыяць механізм “грошы ідуць за пацыентам”.

ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНА РЭФОРМА

  1. Недафінансаванне.

Беларусь напрацягу апошніх 10 год скіроўвае на фінансаванне аховы здароўя каля 4% ад ВУП. Гэта істотна менш, чым у сярэднім па ЕС (каля 7%).

  1. Дысбаланс структуры на карысць стацыянарнага звяна.

У сучасным Свеце і ў самой Беларусі дамінуюць неінфекцыйныя захворванні. Яны патрабуюць не хуткай шпіталізацыі, а працяглага лячэння ў амбулаторных умовах (паліклініцы, медцэнтры, прыватным кабінеце доктара). У выніку наша краіна трывала ўваходзіць у першую дзясятку ў Свеце па колькасці бальнічных ложкаў на душу насельніцтва, якое перавышае паказчыкі развітых краін ЕС у 1,5-2 разы. Пры гэтым паказчыкі здароўя людзей у Беларусі істотна горш, чым у тых краінах.

  1. Стацыянарны сектар спажывае істотную частку выдаткаў. Каля 55-60% усіх сродкаў скіроўваюцца туды. У паліклініцы можна даць рады да 80% праблем са здароўем, з якімі звяртаюцца людзі да лекара. Стацыянарныя магутнасці ў Беларусі загружаны вельмі нераўнамерна.

На пачатку эпідэміі каронавіруса вялікі стацыянарны сектар апынуўся перавагай. Беларусь была ледзь не адзінай краінай у свеце, якая шпіталізоўвала бессімптомных пацыентаў з COVID-19, а таксама кантактаў першага ўзроўню.Але потым адбылася змена падыходаў і, як у іншых краінах, гэтыя катэгорыі насельніцтва пачалі накіроўвацца на самакарантын па месцы жыхарства.

  1. Эпідэмія COVID-19 паказала слабую аснашчанасць бальніц, дзе часта ёсць толькі ложкі, казённае харчаванне і прыбіральня на паверсе. Аднак няма самага неабходнага медычнага абсталявання. У выніку гэтага ўзнікалі праблемы пры лячэнні шпіталізаваных пацыентаў з новай каронавіруснай інфекцыяй і даводзілася тэрмінова закупляць кіслародныя канцэнтратары і апараты вентыляцыі лёгкіх.
  2. Стацыянары вельмі слаба звязаны з паліклінікай, што прыводзіць да сітуацый, калі ў шпіталі пралячылі добра, але ў паліклініцы не працягнулі рэабілітацыю і здароўе не палепшылася.
  3. Перагружанасць паліклінік і звышдаступнасць “Хуткай дапамогі”

Жыхары Беларусі з’яўляюцца чэмпіёнамі рэгіёна па наведванню паліклінік – каля 13 раз на чалавека, што істотна часцей суседзяў (6,9 у Літве, 6,8 у Польшчы, 10,7 ва Украіне). Істотная частка гэтых візітаў мае чыста нарматыўную прыроду і звязана з абавязковымі праграмамі медаглядаў, афармленні рэцэпта ці “бальнічнага”.

Праз згаданыя нарматыўныя чыннікі, а таксама дэфіцыт кадраў, сектар амбулаторна-паліклінічнай дапамогі з’яўляецца ў Беларусі найбольш недаступным.

Па розных ацэнках ад 10 да 70% зваротаў у «Хуткую дапамогу» з’яўляюцца неабгрунтаванымі. Сярэдні кошт выкліка хуткай дапамогі ў Менску складае 65 рублёў, а візіт да лекара ў паліклініку толькі 13.

  1. Недасканалы механізм фінансавання галіны.

Фінансаванне аховы здароўя ў Беларусі адбываецца з дзяржаўнага бюджэта. Абавязковае медычнае страхаванне адсутнічае, а адыгрывае мізэрную ролю (менш за 1%). Каля 26-28% выдаткаў на ахову здароўя пакрываюцца з асабістых сродкаў грамадзян.

  1. Кадравы парадокс.

Па колькасці практыкуючых дактароў на 100000 насельніцтва Беларусь пераўзыходзіць Польшчу, Літву, але і нават Швецыю з Нямеччынай. Пры гэтым назіраецца заўважны дэфіцыт лекараў у першасным звяне аказання медычнай дапамогі, асабліва ў рэгіёнах. Моцным дэматывуючым фактарам з’яўляюцца традыцыйна нізкія заробкі ў сістэме (на 25-30% менш, чым у прамысловасці) і фармальнасць сістэмы матэрыяльнай матывацыі.

  1. Непразрыстасць працы сістэмы аховы здароўя і карупцыя.

Ведамства неаднаразова трапляла ў лік самых закрытых для прэсы дзяржаўных органаў паводле апытання БАЖ. У 2018 годзе была ўзбуджана «справа дактароў» па фактах карупцыі пры буйных дзяржзакупках. У тым жа годзе выбухнуў скандал з карэйскай вакцынай, якая ўжывалася без дзяржрэгістрацыі.

  1. Нізкая задаволенасць насельніцтва.

Рэформа сістэмы аховы здароўя з’яўляецца галоўным прыярытэтам для насельніцтва. Паводле апытання праекта “Рэфорум” 57,6% насельніцтва лічыць, што правядзіць рэфармаванне сістэмы аховы здароўя трэба праводзіць тэрмінова.

Асноўныя мэты і задачы рэформы.

Мэта рэформы – стварэнне службы аховы здароўя ў Беларусі, скіраванай на патрэбы здароўя чалавека і грамадства.

Задачы рэформы:

  1. Паляпшэнне выяўлення, лячэння і прафілактыкі ўскладненняў важнейшых неінфекцыйных захворванняў (на ўзроўні службы аховы здароўя).
  2. Развіццё сістэмы аховы здароўя, якая найбольш адпавядае патрэбам кожнага чалавека.

АСНОЎНЫЯ МЕРЫ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

  1. Змяншэнне нагрузкі на дзяржаўную сістэму аховы здароўя (2020-2022):
  • Дазвол працадаўцам даваць аплочваемы адпачынак на хваробу без прадастаўлення лістка непрацаздольнасці (2020).
  • Крытычны перагляд функцыянальных абавязкаў медработнікаў (2020). Максімальнае скарачэнне непатрэбнага дакументаабарота, зняццё непрофільных абавязкаў (напрыклад, наведванне медсёстрамі сем’яў якія выхоўваюць дзяцей, прызнанымі ў “сацыяльна небяспечным становішчы)”, акцэнт на прафілактычнай працы з пацыентамі па недапушчэнні і мадыфікацыі патэнцыйна шкоднага ладу жыцця.
  • Зраўняць сярэдні заробак у сісітэме аховы здароўя і прамысловасці. Жорстка прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязкаў,
  • Глабальны перагляд падыходаў да кратнасці наведвання паліклінік – перагляд існуючых нарматываў па працягванні бальнічных, выдачы даведак, выпісак і г.д.(да 2021)
  • Разгрузка сістэмы “Хуткай дапамогі” праз змены ў рэжыме работы паліклінік (увядзенне дзяжурстваў лекараў паліклінік у вечаровы і начны час, каб пацыенты мелі магчымасць самастойна наведаць доктара), перагляд стандартаў працы службы, адукацыйная работа з насельніцтвам (да 2021).
  • Канкрэтызаваць пералік медычных паслуг, якія ўваходзяць у склад мінімальных сацыяльных стандартаў і гарантуюцца дзяржаўнай сістэмай аховы здароўя (зараз гэты спіс уключае практычна ўсе медычныя паслугі) (2021).
  • Максімальнае развіццё e-Health і дыстанцыйнай камунікацыі паліклінікі і пацыента (да 2021).
  • Развіццё сектару прыватных медычных паслуг (да 2022):
  1. змяншэнне бар’ераў пры ўваходжанні на рынак медычных паслуг,
  2. адмена рэгулявання тарыфаў на медычныя паслугі ў камерцыйный медцэнтрах з боку Міністэрства аховы здароўя,
  3. наданне роўных правоў цэнтрам прыватнай медыцыны з дзяржаўнымі клінікамі (выпіска бальнічных, даведак ды інш.),
  4. вывядзенне платных паслуг з дзяржаўных устаноў аховы здароўя, шляхам стварэння асобных структур на рынкавых умовах.
  5. Увядзенне сістэмы ліцэнзавання медработнікаў, а не лячэбных установаў, як гэта робіцца цяпер. Даказана, што ліцэнзаванне спецыялістаў – гэта істотны момант павялічэння якасці медычных паслуг.
  6. Умацаванне амбулаторнага звяна (2020-2025):
  • умацаванне базы існуючых паліклінік, аснашчэнне сучасным абсталяваннем (да 2025),
  • ліквідацыя кадравага дэфіцыту шляхам змены падыходаў да аплаты працы ў паліклініцы, прадастаўлення бонусаў і сацыяльных гарантый маладым спецыялістам (да 2022),
  • развіццё новых форм медычнага абслугоўвання (амбулаторыі, медычныя кабінеты) у новых мікрараёнах вялікіх гарадоў, дзе няма паліклінік (2020-2025),
  • адраджэнне і развіццё канцэпцыі сямейных лекараў, асабліва ў малых населеных пунктах (да 2022).
  1. Рэформа бальнічнага сегмента медыцыны (2020 – 2022):
  • змяншэнне колькасці стацыянарных месцаў з цяперашняга паказчыка 8,4 на 1000 насельніцтва да ўзроўню Аўстрыі (7,4 на 1000)(да 2022),
  • перагляд існуючых пратаколаў лячэння захворванняў з пазіцый эканамічна эфектыўных метадаў доказнай медыцыны (да 2021),
  • павышэнне камфортнасці знаходжання ў айчынных бальніц (да 2022),
  • спрыянне стварэнню прыватных стацыянараў (да 2022).
  1. Павышэнне адкрытасці сістэмы (2020):
  • наладжванне супрацоўніцтва з СААЗ, іншымі структурамі ААН па пытаннях рэфармавання аховы здароўя і грамадскага здароўя,
  • заахвочванне медработнікаў да стажыровак і навучання за мяжой, стымуляванне медычных навукоўцаў да публікацыі ў замежных англамоўных часопісах.
  1. Развіццё медычнага турызму (2021):
  • скасаванне віз для замежнікаў, якія накіроўваюцца ў Беларусь на лячэнне,
  • удасканаленне інфраструктуры медычнага турызму.
  1. Пашырэнне медычнага страхавання (2022):
  • папулярызацыя і заахвочванне добраахвотнага медычнага страхавання, павышэнне канкурэнтнасці ў гэтай сферы (2022),
  • змены ў заканадаўчых актах, якія дазволяць змяншаць падатковую нагрузку на велічыню страхавых выплат (2022),
  1. Рэформа кіравання і фінансавання сістэмы аховы здароўя (2021-2025):
  • аптымізацыя структуры аховы здароўя ў адпаведнасці з мэтай захавання здароўя грамадзян. Усё, што не адпавядае гэтай мэце, скасоўваецца (рэгуляванне тарыфаў на паслугі ў недзяржаўных медычных цэнтрах, напрыклад) (2021),
  • рэалізацыя прынцыпа фінансавання дзяржаўнай медыцыны “грошы ідуць за пацыентам” дзеля справядлівасці сістэмы і павышэння матывацыі медработнікаў (да 2025),
  • спрашчэнне умоваў інвеставання ў стварэнне новых лячэбных установаў (2021).
  • Павелічэнне адкрытасці аховы здароўя праз абавязковае інфармаванне пра стан здароўя насельніцтва, змены прынцыпаў дзейнасці прэс-службы міністэрства аховы здароўя, увядзенне нормы пра абавязковае прадастаўленне вычарпальнай інфармацыі пра закупкі медпрэпаратаў і медычнай тэхнікі па першым патрабаванні, правядзенне ўсебаковага аўдыту дзейнасці міністэрства, ангажаванне пацыентаў і работнікаў сістэмы ў прыняццё рашэнняў у яе межах (2021).

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ

Міністэрства аховы здароўя і Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі (пры цяперашняй канфігурацыі палітычнага рэжыму).

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г. “Аб ахове здароўя”

Закон Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 1999 г. “Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах”.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 300 ад 1 ліпеня 2005 г. № 300 “Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі”.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці.”

Адмяніць: Пастанову Міністэрства аховы здароўя ад 3 лютага  2015 г. №14 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання тарыфаў на платныя медыцынскія паслугі” .

Прапановы распрацаваны экспертам: Андрэй Вітушка, кандыдат медыцынскіх навук.

Leave a Comment

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Scroll to Top