КАРОТКАЕ АПІСАННЕ
У Беларусі ўсе выбары, пачынаючы з 1996 года, праходзяць па сцэнары галасавання пратаколамі, а не бюлетэнямі. У выніку афіцыйныя лічбы галасавання не адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў. Клан, які кіруе Беларуссю, прызначае дэпутатаў саветаў і парламента, а гэтаксама і прэзідэнта. Гэтаму спрыяе закрытасьць ад грамадскасьці выбаркамаў усіх узроўняў, а таксама непразрыстасць падліку галасоў.
Толькі сумленныя і свабодныя выбары могуць даць імпульс для выйсця краіны з хранічнага крызісу ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Распрацаваныя прапановы па зменах у выбарчае заканадаўства атрымалі высокую ацэнку беларускіх і міжнародных экспертаў. Сярод асноўных навацыяў:
а) замацаванне права ўсіх удзельнікаў выбараў мець прадстаўнікоў у выбаркамах ўсіх узроўняў;
б) жорсткая рэгламентацыя датэрміновага галасавання і яго скарачэнне да максімум 5–6%;
в) замацаванне права чальцоў выбаркама і назіральнікаў бачыць кожны бюлетэнь.
ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ СКІРАВАНАЯ РЭФОРМА
Сістэмныя недахопы выбараў у Беларусі зафіксаваныя ў Выніковай справаздачы місіі БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь ад 8 снежня 2016 года. Яны былі выкарыстаныя распрацоўшчыкамі праекту Закона «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у Выбарчы Кодэкс Беларусі».
Сярод іншых недахопаў варта асабліва адзначыць ключавыя для забеспячэння сумленных і празрыстых выбараў:
- Незбалансаваны склад выбарчых камісіяў і выключны ўплыў на іх выканаўчай улады.
Выбаркамы фармуюцца з чальцоў аднаго працоўнага калектыву і арганізацыі або праўладных НДА. Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і грамадзянскай супольнасьці звычайна не праходзяць праз сіта адбору, і ў камісіі трапляюць толькі адзінкі. У выніку выбарчыя камісіі залежаць ад палітычнага кіраўніцтва і прымаюць перадузятыя рашэньні, якія ім навязвае выканаўчая ўлада.
- Непрапарцыйныя абмежаванні правоўназіральнікаў, што падрывае давер да выбараў і вынікаў галасавання.
- Поўная закрытасць ад грамадскасці працэсу галасавання і падліку галасоў, а таксама інфармавання пра вынікі галасавання.
Гэта прыводзіць да завышэння яўкі выбаршчыкаў, а таксама да маніпуляцыяў з вынікамі галасавання на карысць кандыдатаў ад улады.
Дзейнае заканадаўства не адпавядае міжнародным абавязкам Беларусі. Ніводныя выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, што перашкаджае ўсталяванню раўнапраўных палітычных і эканамічных сувязяў і, адпаведна, адмоўна ўплывае на развіццё Беларусі.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ / ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Мэтаю рэформы з’яўляецца ўзмацненне гарантыяў незалежнасці выбарчых органаў ад выканаўчай улады і павышэнне празрыстасці выбарчага працэсу для назірання.
Задачы:
- Стварыць умовы для дасягненьня шырокага палітычнага прадстаўніцтва ў выбаркамах усіх узроўняў, у тым ліку для апазіцыйных партыяў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці (якія не фінансуюцца дзяржаваю).
- Забяспечыць бесперашкодны доступ назіральнікам да ўсіх аспектаў выбарчага працэсу.
- Прыняць дадатковыя засцерагальныя захады ад фальсіфікацыяў хатняга ды датэрміновага галасавання, а таксама для забеспячэння празрыстасці падліку галасоў і падсумоўвання вынікаў.
АСНОЎНЫЯ ЗАХАДЫ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ
- Гарантаванае прыняцце ў склад выбарчых камісіяў чальцоў, вылучаных усімі кандыдатамі.
Арганізацыі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі, павінны мець права знаёміцца з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў у камісіі. Гэта крок у бок прывядзення беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з існымі абавязацельствамі Беларусі па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі ААН супраць карупцыі.
Выбарчы кодэкс: артыкулы 34–36.
- Пашырэньне правоў назіральнікаў.
Назіральнікі павінны мець доступ да
– выбарчых спісаў,
– даных па колькасці выбаршчыкаў у выбарчых спісах,
– даных па колькасці тых, хто прагаласаваў у дні правядзення галасавання,
– даных па колькасці ўсіх, хто прагаласаваў па ўсіх відах галасавання.
Назіральнікі павінны мець магчымасць рабіць аўдыёзапіс, фота- і відэяздыманне, назіраць за падлікам галасоў выбаршчыкаў ва ўмовах, якія забяспечваюць агляднасць працадуры падліку бюлетэняў.
Выбарчы кодэкс: артыкул 13.
- Узмацненне патрабаванняў да датэрміновага галасавання.
Прычыны для датэрміновага галасаваньня мусяць абавязкова пацвярджацца дакументальна. Кожная заява на ўдзел у датэрміновым галасаваньні павінна разглядацца ўчастковым выбаркамам не пазней як за 5 дзён да дня выбараў. Для правядзення датэрміновага галасавання на тэрыторыі выбарчай акругі (або ў кожным раёне) вызначаецца толькі адзін участак для галасавання. Гэта дазволіць выключыць магчымыя злоўжыванні ды фальсіфікацыі, а таксама прымус выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання.
Выбарчы кодэкс: арт. 53.
- Рэгламентацыя патрабаванняў да хатняга галасавання.
У спісе для хатняга галасавання неабходна адзначаць афіцыйную прычыну немажлівасці для выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання. Гэта знізіць магчымасць злоўжыванняў у выглядзе штучнага падвышэння яўкі ды прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў галасаванні.
Выбарчы кодэкс: арт. 54.
- Дэманстрацыя кожнага бюлетэня чальцам выбаркама і назіральнікам.
Падлік галасоў ажыццяўляецца празрыста, ва ўмовах, калі ўсе чальцы ўчастковага выбаркама, назіральнікі і давераныя асобы кандыдатаў могуць пацвердзіць вынік. Абавязковымі з’яўляюцца абвяшчэнне і дэманстраванне выніку на кожным бюлетэні ўсім прысутным, а таксама абвяшчэнне ўсіх лічбаў, якія ўносяцца ў выніковы пратакол.
Выбарчы кодэкс: арт. 55
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ
Палата прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь
Савет Рэспублікі Беларусі
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Выбарчы кодэкс
Прапановы распрацаваныя экспертамі: Антаніна Кавалёва, Віктар Карніенка, Алена Яськова, Анатоль Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі, Дзмітрый Кучук, Валерый Ухналёў, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Валянціна Свяцкая, Міхаіл Пастухоў, Мечыслаў Грыб, Дзяніс Садоўскі, Аляксандр Сілкоў, Сяргей Вазьняк.