КАРОТКАЕ АПІСАННЕ
У выніку праўлення дзейнага кіраўніцтва ў Беларусі стварылася палітычная, эканамічная, прававая сістэма, няздольная функцыянаваць без карупцыйных схемаў. Карупцыя – складнік існай дзяржаўнай сістэмы кіравання, а таксама інстытутаў узаемадзеяньня грамадзянаў з наменклатурай. Сукупны аб’ём карупцыйных аперацыяў у Беларусі складае 40–52% ВУП або 28–36,5 млрд долараў.
Стратэгічным накірункам антыкарупцыйнай палітыкі павінна стаць арыентацыя на дэмакратычную, малую, празрыстую дзяржаву, эфектыўныя інстытуты стрымак і супрацьвагаў, дэкамерцыялізацыя органаў дзяржаўнага кіравання.
ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ СКІРАВАНАЯ РЭФОРМА
Па ўзроўні распаўсюду карупцыі Беларусь займае 70-е месца ў рэйтынгу Transparency International. Колькасьць выяўленых карупцыйных злачынстваў застаецца стабільна высокай на працягу апошніх гадоў.
- Карупцыя грамадства
Уладныя палітыкі і чыноўнікі заразілі карупцыяй грамадства. Законы і падзаконныя акты, механізмы ды спосабы іх рэалізацыі штурхаюць людзей на ўчыненне карупцыйных дзеянняў. Карупцыя ператварылася ў змазку сацыяльных і эканамічных механізмаў. Манапалісты навязваюць людзям умовы доступу да тавараў і паслугаў.
Сярэднестатыстычны грамадзянін Беларусі сутыкаецца з карупцыяй пастаянна і паўсюдна: у сістэме адукацыі, аховы здароўя, пры працаўладкаванні.
Карупцыйныя здзелкі ў гэтым сегменце эканомікі ацэньваюцца ў 5–7% ВУП, або 3,5–5 млрд даляраў.
- Карупцыя малога і сярэдняга бізнэсу
Дзяржава ў ручным рэжыме вызначае парадак доступу на рынак, рэжым працы з дзяржаўнымі рэсурсамі і актывамі, а таксама характар аперацыяў абмену са спажыўцамі, інвестарамі, крэдыторамі і прадпрымальнікамі.
Чынавенства накрыла эканоміку краіны шчыльнай сеткаю нефармальных плацяжоў, адкатаў ды хабару: па арэндзе, тэндарах, крэдытах, доступу да сыравінных рэсурсаў і тавараў на рынак, імпарту і экспарту.
Аб’ём карупцыйных здзелак у гэтым сегменце эканомікі ацэньваецца ў 20–25% ВУП, або 14–17,5 млрд. даляраў.
- Карупцыя высокага ўзроўню
Карупцыя высокага ўзроўню распаўсюджаная ў паліўна-энергетычным і фінансавым сектарах, на рынку ўгнаенняў, алкаголю, тытунёвых вырабаў і ўзбраенняў. У сферу кантролю VIP – распарадчыкаў чужога ўваходзяць найбольш прыбытковыя сегменты рынку нерухомасці і зямлі, будаўніцтва, імпарту, а таксама рознічнага гандлю.
Камерцыйныя аперацыі ў гэтых сектарах праводзяцца ў нярынкавых умовах: адмысловы падатковы рэжым, валютнае рэгуляванне, мытны рэжым, бухгалтарская і фінансавая справаздачнасць. Іх не могуць праверыць кантралюючыя органы альбо загады зверху цалкам санкцыянуюць дзейнасьць карупцыйных групаў у асабліва важных сектарах эканомікі.
Усе рэсурсы дзяржавы скарыстоўваюцца ў гэтых сектарах для здабываньня VIP-карупцыйнай рэнты. Памер гэтай рэнты ацэньваецца ў 15–20% ВУП (10,5–14 млрд. даляраў).
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ / ЗАДАЧЫ АНТЫКАРУПЦЫЙНАЙ РЭФОРМЫ
Рэформа антыкарупцыйнай палітыкі прадугледжвае павышэнне празрыстасці дзейнасці і дэкамерцыялізацыю органаў дзяржкіравання, спрашчэнне адміністрацыйных працадураў і мінімізацыю ўмяшальніцтва чыноўнікаў у эканоміку.
Асноўныя задачы:
- Удасканаленне адкрытасці і празрыстасьці фінансавай дзейнасці органаў дзяржкіравання.
- Трансфармацыя дзяржаўнага кіраваньня з дапамогаю ІКТ – механізмаў і паўнавартаснае развіццё электроннага ўраду (e-government).
- Стварэнне эфектыўнай інфраструктуры (спецпракуратура, суды і іншыя інстытуцыі) па супрацьдзеянні карупцыі (у тым ліку з запрашэннем міжнародных экспертаў і спецыялістаў).
- Ліквідацыя дзяржаўнай манаполіі і зарэгуляванасці ў інфармацыйнай сферы, галоўным чынам у друкаваных і электронных СМІ.
- Скарачэнне функцыяў дзяржапарату па ўмяшальніцтве і рэгуляванні эканамічнай дзейнасці.
ЗАХАДЫ АНТЫКАРУПЦЫЙНАЙ ПАЛІТЫКІ
- Публікаванне ўсімі структурамі дзяржаўнай улады на сваіх сайтах у адкрытым доступе штогадовай паартыкульнай справаздачы аб прыбытках і выдатках. Дадзеная справаздача мусіць утрымліваць ацэнку выканання бюджэтных мэтаў. Усе міністэрствы абавязаныя праходзіць штогадовы аўдыт. Вынікі аўдыту павінны быць апублікаваныя на сайтах міністэрстваў у адкрытым доступе.
- Забесьпячэньне поўнай празрыстасьці фінансавых плыняў усіх органаў дзяржаўнага кіраваньня і прадпрыемстваў з доляю дзяржавы больш за 50%. Увядзеньне нормы іх абавязковага аўдыту з публікацыяй вынікаў на сайтах гэтых органаў на працягу месяца пасьля заканчэньня праверкі.
- Рэалізацыя права грамадскага кантролю ўсіх кантрактаў і дагавораў органаў дзяржаўнага кіравання з дзяржаўнымі або прыватнымі прадпрыемствамі. Для гэтага інфармацыя пра дадзеныя дагаворы, якая не з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай, павінна быць даступнай на сайтах адпаведных органаў дзяржаўнага кіравання.
- Увядзенне забароны на выдаванне наўпроставай бюджэтнай падтрымкі камерцыйным арганізацыям незалежна ад формы ўласнасці.
- Унясенне зменаў у акты заканадаўства для забеспячэння выбарнасці суддзяў, вызначэнне часавых параметраў знаходжання суддзяў на пасадзе. Манетызацыя сацыяльных паслугаў суддзям і пракурорам, г.зн. падвышэнне прыбыткаў да ўзроўню, які дазваляе на рынкавых умовах набываць жыллё.
- Узмацненне крымінальнай адказнасці дзяржаўных службоўцаў за ціск на суд і пракуратуру, а таксама за злоўжыванне ўладай і махлярства пры размеркаванні бюджэтных рэсурсаў. Увядзенне забароны на працаўладкаванне ў органах дзяржаўнага кіравання на 10 гадоў у выпадку выкрыцця, у вызначаным законам парадку, датычнасці да карупцыйных здзелак, за грубае парушэньне працадуры скарыстаньня дзяржаўных сродкаў, злоўжываньне службовым становішчам, учыненьне шкоды краіне.
- Дакладнае рэгламентаванне бясплатнага выкарыстання дзяржаўнымі службоўцамі, у тым ліку вышэйшымі службовымі асобамі, дзяржаўных актываў, маёмасьці і нерухомасці.
- Ліквідацыя практыкі бясплатнага карыстання дзяржаўных службоўцаў ды палітыкаў аўтамабілямі, пераход у рэжым набыцця транспартных паслугаў органамі дзяржаўнага кіравання метадам аўтсорсінгу на карысць прыватных кампаніяў.
- Скарачэнне ліцэнзаваных відаў дзейнасці да пераліку тых відаў, якія могуць наўпрост зрабіцца непасрэднай прычынаю пагрозы жыццю і здароўю чалавека.
- Прыватызацыя большасці сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку электронных. Прыватызацыя або ліквідацыя друкаваных СМІ, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца мясцовыя органы ўлады. Забарона для органаў дзяржаўнага кіравання ствараць новыя СМІ. Перадача пакетаў акцыяў у дзяржаўных рэспубліканскіх СМІ ў веданне Мiнiстэрства па кiраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі. Пры прыватызацыі тэлевізійных каналаў забараняецца продаж замежным дзяржаўным кампаніям. Адна кампанія не мае права здзяйсняць прыватызацыйныя здзелкі, якія забяспечваюць ёй больш за 25% рынку тэлевізійных паслугаў.
- Абавязковае публікаванне ў адкрытым доступе на сайтах адпаведных органаў дзяржкіравання стэнаграмаў паседжанняў усіх органаў дзяржаўнай улады, сустрэчаў з выбаршчыкамі.
- Стварэнне адзінай празрыстай электроннай пляцоўкі для дзяржзакупак, правядзення тэндараў і аўкцыёнаў. Публікаванне поўнай інфармацыі аб камерцыйных структурах, якія выйграюць тэндары/аўкцыёны, таргі па ажыццяўленні дзяржаўных закупак ці размяшчэнні дзяржаўнага заказу, а таксама справаздачаў аб выкананні пераможцамі аўкцыёнаў, тэндараў або таргоў сваіх абавязацельстваў перад дзяржавай.
- Увядзенне заканадаўчай нормы абавязковага электроннага дэкларавання дзяржаўнымі службоўцамі, палітыкамі ў органах мясцовай і рэспубліканскай улады, блізкімі чальцамі іх сем’яў прыбыткаў і выдаткаў, маёмасці і ўдзелу ў камерцыйных арганізацыях за апошнія пяць гадоў; стварэнне механізмаў адсочвання канфліктаў інтарэсаў у органах дзяржаўнага кіраваньня і бізнэсах, якія выкарыстоўваюць бюджэтныя рэсурсы або кіруюць дзяржаўнымі актывамі і маёмасцю. Увядзенне крымінальнай адказнасьці за недакладныя даныя, выкладзеныя ў электронных дэкларацыях.
- Замацаванне на заканадаўчым узроўні права кожнага грамадзяніна бесперашкодна атрымліваць доступ да інфармацыі, якая тычыцца дзейнасьці органаў дзяржаўнага кіравання.
- Ліквідацыя практыкі нармавання паступленняў у бюджэт ад штрафаў, канфіскацыі і нацыяналізацыі.
- Ліквідацыя практыкі давядзення да камерцыйных арганізацыяў мэтавых паказчыкаў вытворчасці, інвеставання, гандлю і г. д.
- Стварэнне тэхнічных умоваў для перавядзення адміністрацыйных працадураў у электронны фармат (атрыманьне дазволаў, ліцэнзіяў, даведак і г. д.), паўнавартаснае развіццё электроннага ўраду (e-government).
- Увядзенне заканадаўчых патрабаванняў да сайтаў усіх органаў дзяржаўнага кіравання. На іх у абавязковым парадку мусіць змяшчацца наступная інфармацыя:
– дэталёвы бюджэт з паартыкульным апісаннем прыбыткаў і выдаткаў;
– аўдытарскае заключэнне па выніках фінансавага года з ацэнкай дасягнення колькасных і якасных мэтавых паказчыкаў;
– штатны расклад з пазначэннем прозвішча, імя, імя па бацьку ўсіх дзяржаўных службоўцаў, іх прыбыткаў і даты атрымання ўзнагароды;
– стэнаграмы паседжанняў дадзенага органа ўлады;
– праекты дакументаў, падрыхтаваных кожным дзяржаўным службоўцам;
– акты заканадаўства, якія рэгулююць дзейнасьць дадзенага органа дзяржаўнай улады;
– гісторыя зваротаў грамадзянаў і вынікі вырашэння іх праблемаў;
– карта кантролю за выкананьнем дзяржслужбоўцамі даручэнняў; інтэрнэт-форум;
– дакладнае вызначэнне часу (не радзей як адзін раз на тыдзень), калі кожны дзяржаўны службоўца знаходзіцца ў доступе для зносінаў з грамадзянамі праз камунікатар Skype.
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ:
Парламент Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь
НАЗВЫ НАРМАТЫЎНЫХ ПРАВАВЫХ АКТАЎ
Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 лiпеня 2015 г. № 305-3 «Аб барацьбе з карупцыяй»
Закон Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 г. № 204-З «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь»
Закон Рэспублікі Беларусь ад 04 студзеня 2014 г. № 112-З «Аб асновах дзейнасьці па прафілактыцы правапарушэньняў»
Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 г. № 174-З «Аб дэклараваньні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасьці»
Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 лiпеня 1999 г. № 275-З
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 21 красавiка 2003 г. № 194-З
Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 296-З
Прапановы падрыхтаваныя экспертамі: Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук, Мікалай Казлоў.