СУМЛЕННЫЯ СВАБОДНЫЯ ВЫБАРЫ

КАРОТКАЕ АПІСАННЕ

У Беларусі ўсе выбары, пачынаючы з 1996 года, праходзяць па сцэнары галасавання пратаколамі, а не бюлетэнямі. У выніку афіцыйныя лічбы галасавання не адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў. Клан, які кіруе Беларуссю, прызначае дэпутатаў саветаў і парламента, а гэтаксама і прэзідэнта. Гэтаму спрыяе закрытасьць ад грамадскасьці выбаркамаў усіх узроўняў, а таксама непразрыстасць падліку галасоў.

Толькі сумленныя і свабодныя выбары могуць даць імпульс для выйсця краіны з хранічнага крызісу ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Распрацаваныя прапановы па зменах у выбарчае заканадаўства атрымалі высокую ацэнку беларускіх і міжнародных экспертаў. Сярод асноўных навацыяў:

а) замацаванне права ўсіх удзельнікаў выбараў мець прадстаўнікоў у выбаркамах ўсіх узроўняў;

б) жорсткая рэгламентацыя датэрміновага галасавання і яго скарачэнне да максімум 5–6%;

в) замацаванне права чальцоў выбаркама і назіральнікаў бачыць кожны бюлетэнь.

ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ СКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

Сістэмныя недахопы выбараў у Беларусі зафіксаваныя ў Выніковай справаздачы місіі БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь ад 8 снежня 2016 года. Яны былі выкарыстаныя распрацоўшчыкамі праекту Закона «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у Выбарчы Кодэкс Беларусі».

Сярод іншых недахопаў варта асабліва адзначыць ключавыя для забеспячэння сумленных і празрыстых выбараў:

  1. Незбалансаваны склад выбарчых камісіяў і выключны ўплыў на іх выканаўчай улады.

Выбаркамы фармуюцца з чальцоў аднаго працоўнага калектыву і арганізацыі або праўладных НДА. Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і грамадзянскай супольнасьці звычайна не праходзяць праз сіта адбору, і ў камісіі трапляюць толькі адзінкі. У выніку выбарчыя камісіі залежаць ад палітычнага кіраўніцтва і прымаюць перадузятыя рашэньні, якія ім навязвае выканаўчая ўлада.

  1. Непрапарцыйныя абмежаванні правоўназіральнікаў, што падрывае давер да выбараў і вынікаў галасавання.
  2. Поўная закрытасць ад грамадскасці працэсу галасавання і падліку галасоў, а таксама інфармавання пра вынікі галасавання.

Гэта прыводзіць да завышэння яўкі выбаршчыкаў, а таксама да маніпуляцыяў з вынікамі галасавання на карысць кандыдатаў ад улады.

Дзейнае заканадаўства не адпавядае міжнародным абавязкам Беларусі. Ніводныя выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, што перашкаджае ўсталяванню раўнапраўных палітычных і эканамічных сувязяў і, адпаведна, адмоўна ўплывае на развіццё Беларусі.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ / ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Мэтаю рэформы з’яўляецца ўзмацненне гарантыяў незалежнасці выбарчых органаў ад выканаўчай улады і павышэнне празрыстасці выбарчага працэсу для назірання.

Задачы:

  • Стварыць умовы для дасягненьня шырокага палітычнага прадстаўніцтва ў выбаркамах усіх узроўняў, у тым ліку для апазіцыйных партыяў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці (якія не фінансуюцца дзяржаваю).
  • Забяспечыць бесперашкодны доступ назіральнікам да ўсіх аспектаў выбарчага працэсу.
  • Прыняць дадатковыя засцерагальныя захады ад фальсіфікацыяў хатняга ды датэрміновага галасавання, а таксама для забеспячэння празрыстасці падліку галасоў і падсумоўвання вынікаў.

АСНОЎНЫЯ ЗАХАДЫ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

  1. Гарантаванае прыняцце ў склад выбарчых камісіяў чальцоў, вылучаных усімі кандыдатамі.

Арганізацыі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі, павінны мець права знаёміцца з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў у камісіі. Гэта крок у бок прывядзення беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з існымі абавязацельствамі Беларусі па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі ААН супраць карупцыі.

Выбарчы кодэкс: артыкулы 34–36.

  1. Пашырэньне правоў назіральнікаў.

Назіральнікі павінны мець доступ да

– выбарчых спісаў,

– даных па колькасці выбаршчыкаў у выбарчых спісах,

– даных па колькасці тых, хто прагаласаваў у дні правядзення галасавання,

– даных па колькасці ўсіх, хто прагаласаваў па ўсіх відах галасавання.

Назіральнікі павінны мець магчымасць рабіць аўдыёзапіс, фота- і відэяздыманне, назіраць за падлікам галасоў выбаршчыкаў ва ўмовах, якія забяспечваюць агляднасць працадуры падліку бюлетэняў.

Выбарчы кодэкс: артыкул 13.

  1. Узмацненне патрабаванняў да датэрміновага галасавання.

Прычыны для датэрміновага галасаваньня мусяць абавязкова пацвярджацца дакументальна. Кожная заява на ўдзел у датэрміновым галасаваньні павінна разглядацца ўчастковым выбаркамам не пазней як за 5 дзён да дня выбараў. Для правядзення датэрміновага галасавання на тэрыторыі выбарчай акругі (або ў кожным раёне) вызначаецца толькі адзін участак для галасавання. Гэта дазволіць выключыць магчымыя злоўжыванні ды фальсіфікацыі, а таксама прымус выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання.

Выбарчы кодэкс: арт. 53.

  1. Рэгламентацыя патрабаванняў да хатняга галасавання.

У спісе для хатняга галасавання неабходна адзначаць афіцыйную прычыну немажлівасці для выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання. Гэта знізіць магчымасць злоўжыванняў у выглядзе штучнага падвышэння яўкі ды прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў галасаванні.

Выбарчы кодэкс: арт. 54.

  1. Дэманстрацыя кожнага бюлетэня чальцам выбаркама і назіральнікам.

Падлік галасоў ажыццяўляецца празрыста, ва ўмовах, калі ўсе чальцы ўчастковага выбаркама, назіральнікі і давераныя асобы кандыдатаў могуць пацвердзіць вынік. Абавязковымі з’яўляюцца абвяшчэнне і дэманстраванне выніку на кожным бюлетэні ўсім прысутным, а таксама абвяшчэнне ўсіх лічбаў, якія ўносяцца ў выніковы пратакол.

Выбарчы кодэкс: арт. 55

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ

Палата прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь

Савет Рэспублікі Беларусі

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Выбарчы кодэкс

Прапановы распрацаваныя экспертамі: Антаніна Кавалёва, Віктар Карніенка, Алена Яськова, Анатоль Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі, Дзмітрый Кучук, Валерый Ухналёў, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Валянціна Свяцкая, Міхаіл Пастухоў, Мечыслаў Грыб, Дзяніс Садоўскі, Аляксандр Сілкоў, Сяргей Вазьняк.

Leave a Comment

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Scroll to Top