КАРОТКАЕ АПІСАННЕ
Сітуацыя як унутры краіны, так і вакол яе, складаецца неспрыяльным чынам для нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Асноўнымі пагрозамі для нацыянальнай бяспекі выкліканы ростам агрэсіўнасці знешняй палітыкі Крамля, удзелам Беларусі ў постсавецкіх інтэграцыйных праектах пад эгідай Расіі, дамінаваннем расійскіх медыя ў інфармацыйнай прасторы і невысокім узроўнем нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Асноўнымі напрамкамі рэфармавання існуючай дзяржаўнай палітыкі з’яўляюцца: выхад з інтэграцыйных аб’яднанняў з удзелам Расіі; захаванне і развіццё нацыянальнай культурнай спадчыны, беларускай мовы; устойлівы эканамічны рост; высокі ўзровень і якасць жыцця грамадзянаў; дэмакратычны лад кіравання.
У выніку рэфармавання зменшацца пагрозы знешняга ўмяшання і дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, спробаў раскалоць грамадства і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.
ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ СКІРАВАНА РЭФОРМА
- Агрэсіўная знешняя палітыка Крамля.
Дзеля рэалізацыі сваіх рэвізіянісцкіх, імперскіх планаў Крэмль актыўна выкарыстоўвае:
• эканамічны ды энэргетычны шантаж,
• інфармацыйны ціск,
• распаўсюд фэйкавых навінаў ды дэзынфармацыі,
• таксычнае ўздзеянне на эліту ды грамадзтва,
• фальсыфікацыю гісторыі з мэтай маніпуляцыі грамадзкай свядомасцю,
• штучнае правакаванне ды распальванне ўнутраных канфліктаў.
Расейскае кіраўніцтва выкарыстоўвае канцэпцыю “рускага міру” дзеля ўзмацнення кантролю Масквы ў Беларусі. Асновай для гэта часта з’яўляецца расійская мова і расійская праваслаўная царква.
Крэмль актыўна дастасоўвае метады “мяккай сілы”: НДА, фабрыкі думкі, СМІ, блогеры, сацыяльныя сеткі, абмены ды стажыроўкі ў Расіі. - Адсутнасць дэмакратыі, свабоды слова, свабоды сходаў ды іншых базавых свабодаў.
Незалежныя СМІ знаходзяцца пад жорсткім ціскам. Грамадзянская супольнасць і палітычная апазыцыя сутыкаюцца з жорсткімі абмежаваннямі сваёй дзейнасці і пераследам. У краіне больш за два дзесяцігоддзі няма свабодных і сумленных выбараў. - Невысокі ўзровень нацыянальнай свядомасці і дамінаванне расійскай мовы.
Поўная няздольнасць дзяржаўных ідэолагаў і дзяржСМІ канкураваць з прапагандай расійскіх медыя: расейскае тэлебачанне і радыё фактычна дамінуюць у інфармацыйным полі Беларусі. - Праблемны стан беларускай эканомікі.
Беларуская эканоміка сутыкаецца са значным зносам асноўных фондаў ды тэхналагічным адставаннем не толькі ад сусветных лідэраў, але і ад суседзяў – краінаў ЕЗ. - Сяброўства Беларусі ў інтэграцыйных наднацыянальных утварэннях, дзе дамінуе Расея — Саюзнай дзяржаве, АДКБ, ЕўрАзЭС, СНД.
У складзе АДКБ беларусам пагражае ўцягванне ва ўзброеныя канфлікты ў Сярэдняй Азіі, а таксама па ўсім сьвеце. Праз удзел у АДКБ існуе пагроза выкарыстаньня азіяцкіх або расійскіх войскаў на нашай тэрыторыі. Прыналежнасьць да АДКБ таксама замінае мадэрнізацыі войска. - Змена прыярытэтаў і акцэнтаў у знешняй палітыцы Еўрапейскага Саюза.
ЕС сутыкаецца з нечуванымі міграцыйнымі выклікамі і наступствамі Брэкзыта. Многія краіны ЕС шукаюць кампрамісаў з Крамлём.
ЗША не з’яўляюцца рэальным гарантам незалежнасці Беларусі, нягледзячы на прагрэс у двухбаковых стасунках і цвёрдай прыхільнасці Вашынгтона да незалежнасці і сувэрэнітэту Беларусі.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ / ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Асноўнай мэтай рэфармавання сектару нацыянальнай бяспекі з’яўляецца неадкладная мабілізацыі і кансалідацыя грамадзтва з мэтай абароны незалежнасці і сувэрэнітэту.
Задачы:
• умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, падвышэння патрыятызму ды нацыянальнай годнасці;
• аб’яднанне грамадства на аснове дэмакратычных каштоўнасцяў і ідэі пабудовы незалежнай Беларусі;
• змяншэнне ўплыву Крамля на Беларусь праз інфармацыйныя, эканамічныя, інтэграцыйныя і гуманітарныя чыннікі;
• выхад з постсавецкіх інтэграцыйных аб’яднанняў з дамінаваннем Расіі;
• інтэграцыя ў заходнія палітычныя, эканамічныя і вайсковыя структуры (ЕС, НАТА).
АСНОЎНЫЯ КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ КАНЦЭПЦЫІ
Першачарговыя захады (да 2021 году):
- У палітычнай сферы:
• выхад з “Саюзнай дзяржавы”, Еўразійскага саюзу, Мытнага саюзу ды іншых інтэграцыйных утварэнняў, дзе дамінуе Расея;
• забарона прарасійскіх арганізацыяў, дзейнасць якіх супярэчыць нацыянальным інтарэсам, а таксама расійскіх фондаў ды арганізацыяў, што фінансуюць такія структуры;
• увядзенне крымінальнай адказнасці за публічныя выказванні, што аспрэчваюць існаванне асобнай беларускай нацыі і/або яе гістарычнага права на ўласную дзяржаву. Увядзенне крымінальнай адказнасці за публічныя абразы беларускай мовы;
• маніторынг сіламі грамадзянскай супольнасці дзейнасці пракрамлёўскіх ініцыятыў у Беларусі;
• ажыццяўленне памежнага і мытнага кантролю на мяжы з Расеяй. - Забарона на продаж расейскім кампаніям аб’ектаў беларускай інфраструктуры.
- У інфармацыйнай сфэры:
• вызваленне незалежных СМІ ад ціску ды кантролю з боку дзяржавы, забеспячэнне свабоды СМІ і свабоды слова ў Беларусі;
• забарона трансляцыі ў Беларусі публіцыстычных грамадзка-палітычных ды навіновых праграмаў, створаных расійскімі тэлеканаламі;
• уключэнне ў стандартны тэлевізійны пакет абавязковых агульнадаступных тэлеканалаў Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны;
• аднаўленне сталай дзейнасці Грамадзкай каардынацыйнай Рады ў сфэры масавай інфармацыі. - У вайсковай сфэры:
• выхад з АДКБ, вяртанне поўнага кантролю Беларусі над уласнымі сістэмамі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны;
• вывад з тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектаў — вузла сувязі ў Вілейцы і радыёлакацыйнай станцыі пад Баранавічамі;
• пашырэнне патрыятычнага выхавання ў беларускім войску;
• перавод выхаваўчай працы ў войску на беларускую мову;
• развіццё памежнай інфраструктуры на межах з краінамі ЕС, падвышэнне прапускной здольнасці памежных пераходаў. - У экалагічнай сфэры:
• забарона ўводу ў эксплуатацыю ды закрыццё новых шкодных вытворчасцяў у Брэсце, Магілёве, Светлагорску;
• апублічванне вычарпальнай праўдзівай інфармацыі адносна будаўніцтва, бяспекі ды эксплуатацыі Астравецкай АЭС;
• правядзенне шырокай грамадзкай дыскусіі адносна лёсу Астравецкай АЭС. - У сацыяльнай сферы:
• падвышэнне заробкаў ды паляпшэнне ўмоваў працы працаўнікоў аховы здароўя і адукацыі. - У культурніцкай сферы:
• папулярызацыя нацыянальных герояў з ухілам на XIX i XX стагоддзі;
• папулярызацыя асобы Кастуся Каліноўскага як палітычнага заснавальніка сучаснай беларускай нацыі, як сімвала змагання беларусаў за свабоду і незалежнасць і як постаці, што павінна кансалідаваць вакол сябе ўсіх адданых каштоўнасцям нацыянальнага адраджэння і незалежнасці краіны.
Сярэднетэрміновыя задачы (да 2025 году):
- У палітычнай сфэры:
• рэформа выбарчага заканадаўства, правядзенне вольных, сумленных і справядлівых выбараў парламенту краіны;
• фармаванне Нацыянальнай гвардыі дзеля аховы парламенту і захавання канстытуцыйнага ладу ў краіне;
• фармаванне Нацыянальнай Службы Бясьпекі, падсправаздачнай парламенту;
• аднаўленне незалежнасці судоў ад выканаўчай улады;
• ажыццяўленне грамадзянскага кантролю, у першую чаргу з боку парламенту, над Узброенымі Сіламі; - У эканамічнай сфэры:
• дыверсіфікацыя паставак энэрганосбітаў, зніжэнне долі Расеі як пастаўшчыка энэрганосбітаў у Беларусь да 50% ад агульнага аб’ёму імпарту энэрганосбітаў;
• пашырэнне выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энэргіі;
• рэалізацыя дзяржаўнай Праграмы па энэргазберажэнні, зніжэнне энэргаспажывання і пераходу на мясцовыя віды паліва;
• будаўніцтва новага нафтаперапрацоўчага заводу ў Наваполацку, арыентаванага на лёгкую нафту;
• уключэнне Беларусі ў праграмы супрацоўніцтва ў межах ініцыятывы Трохмор’я з мэтай падрыхтоўкі неабходных дакументаў, праграмаў і інфраструктуры для далучэння Беларусі да будучай сістэмы паставак звадкаванага газу з ЗША ва Усходнюю Еўропу;
• прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў з забаронай набыцця кампаніямі з доляй расейскага капіталу большай за 20%, стварэнне ўмоваў дзеля прыцягнення наўпроставых замежных інвестыцый;
• пабудова сучасных чыгуначных шляхоў ды магістральных аўтастрадаў Кіеў-Мінск-Вільня, Львоў-Брэст-Гродна-Вільня, Віцебск-Полацк-Дзвінск-Рыга. - У інфармацыйнай сферы:
• усталяванне для кабельнага вяшчання максымальна дапушчальнай долі тэлеканалаў, у вытворчасці якіх удзельнічае замежная краіна, у 50% ад агульнай колькасці прапанаваных у пакеце тэлеканалаў;
• падвышэнне ўзроўню якасці беларускіх нацыянальных тэлеканалаў, стварэнне адмысловых грамадзка-палітычных ды гістарычных праграм;
• рэтрансляцыя нацыянальнымі тэлеканаламі навукова-папулярных, забаўляльных ды навіновых праграмаў краінаў ЕЗ, Брытаніі, Канады, ЗША, Аўстраліі. - У вайсковай сфэры:
• пераход на стандарты НАТА;
• падрыхтоўка вайсковых кадраў з накіраваннем беларускіх вайскоўцаў у адпаведныя навучальныя ўстановы ды цэнтры краінаў НАТА;
• перавод на беларускую мову ўсёй жыццядзейнасці беларускага войска (служба, баявая работа, тэхнічнае абслугоўванне і г.д.);
• наданне беларускім вайсковым часткам і навучальным установам імёнаў беларускіх нацыянальных герояў;
• фармаванне беларускіх узброеных сілаў з чатырох інтэгральных частак:
1. ядро з прафэсіянальных вайскоўцаў, якія служаць на кантрактнай аснове;
2. грамадзяне, якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу;
3. добраахвотныя тэрытарыяльныя адзінкі, сфармаваныя грамадзянамі, якія захоўваюць цывільныя заняткі, але праходзяць пэрыядычныя вучэньні, і могуць быць хутка мабілізаваныя;
4. рэзервы – усе прыдатныя да службы грамадзяне мужчынскага полу, якія прайшлі вайсковую падрыхтоўку падчас тэрміновай службы.
• змена сістэмы падрыхтоўкі вайскоўцаў падчас тэрміновай службы і рэзэрвістаў. Фокус на патрыятычным выхаванні і набыцці неабходных навыкаў.
• змена працягласці абавязковай тэрміновай службы да 6-ці месяцаў;
• колькасць Узброеных Сілаў без уліку рэзэрвістаў у межах 75,0 тыс. – 80,0 тыс.
• уладкаванне належнай інфраструктуры на мяжы Беларусі з Расеяй; - У экалагічнай сфэры:
• стварэнне спрыяльных эканамічных ўмоў дзеля інвеставання ў праекты атрымання энэргіі з узнаўляльных крыніцаў ды перапрацоўкі і другаснага выкарыстання адкідаў;
• рэабілітацыя забруджаных радыяцыяй тэрыторый. - У сацыяльнай сфэры:
• стварэнне ўмоў для вяртання беларусаў, што працуюць за мяжой, перадусім — дактароў і мэдычных работнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў іншых прафесій;
• спрыянне вяртанню нашчадкаў нашых суайчыннікаў, што з’ехалі з Беларусі да моманту аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці, праз прыняццё закону аб карце суайчынніка – беларуса замежжа; - У культурніцкай сфэры:
• вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай, гарантаванне правоў нацыянальных меншасцяў на адукацыю і ажыццяўленне культурніцкіх мерапрыемстваў на роднай мове;
• распрацоўка і ажыццяўленне адміністрацыйных ды фінансавых мераў стымулявання беларускамоўных СМІ, кнігавыдавецтва, культурніцкага жыцця. Вяртанне дзяржаўных даплат за навучанне і выхаванне на беларускай мове ў дашкольных, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах.
• правядзенне комплекснай дэкамунізацыі і дэсаветызацыі Беларусі;
• беларусізацыя рэлігійнага жыцця ўсіх хрысціянскіх канфесій ды іншых рэлігіяў;
• беларусізацыя сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў і формаў;
• аднаўленне рэгістрацыі, статусу і дзяржаўнага фінансавання Нацыянальнага Дзяржаўнага Гуманітарнага Ліцэя імя Якуба Коласа з захаваннем акадэмічных свабодаў для выкладчыкаў, навучэнцаў і бацькоў; стварэнне філіяў НДГЛ ва ўсіх абласных гарадах;
Доўгатэрміновыя мэты (да 2030 году):
- стварэнне скразной беларускамоўнай сыстэмы адукацыі ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэтаў;
• аднаўленне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы як нацыянальнай альтэрнатывы Беларускаму Экзархату РПЦ Маскоўскага патрыярхату;
• выкананне Беларуссю ўсіх крытэраў сяброўства ў ЕС і НАТА, падача адпаведных заявак аб сяброўстве ў гэтых структурах;
• забеспячэнне доўгатэрміновай харчовай бяспекі праз дывэрсыфікацыю паставак у краіну прадуктаў, стварэнне харчовага запасу, мадэрнізацыю сельскагаспадарчай вытворчасці, развіццё фермерскіх гаспадарак.
• узмацненне супрацоўніцтва і фармаванне стратэгічнага партнёрства ў межах Балта -Чарнаморскай супольнасці, фармаванне ды арганізацыйнае афармленне адпаведнага рэгіянальнага міждзяржаўнага блоку;
• рэалізацыя праграмы дывэрсыфікацыі паставак энэрганосбітаў з абмежаваннем долі пастаўшчыкоў любой з краінаў максымум 30% аб агульнага аб’ёму імпарту энэрганосбітаў.
Запампаваць поўны дакумент: «Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь»
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ
Прэзідэнт, Парламент.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь
Прапановы распрацаваны экспертам: Аляксей Янукевіч.