РЭФОРМА ЭНЕРГЕТЫЧНАГА СЕКТАРУ

КАРОТКАЕ АПІСАННЕ

Актуальнасць рэфармавання Нацыянальнага энергетычнага сектара абумоўлена неабходнасцю забяспечыць энергетычную бяспеку краіны, імклівымі зменамі клімату, негатыўнымі эканамічнымі і экалагічнымі наступствамі выкарыстання традыцыйных крыніц энергіі.

Рэформа прадугледжвае рашучыя меры, накіраваныя на энергазабеспячэнне пераважна за кошт аднаўляльных крыніцаў энергіі (АКЭ) і скарачэнне залежнасці Беларусі ад імпартнага газу. А таксама прыкладанне істотных намаганняў, накіраваных на поўнае выкарыстанне вялікага патэнцыялу павышэння энергаэфектыўнасці пры дапамозе найлепшых даступных тэхналогій. Прапануецца комплексны падыход, уключаючы працу з паводзіннымі ўстаноўкамі энергаспажывання. У выніку ўкаранення стратэгій і планаў змяняюцца і паводзіны людзей.

Дэцэнтралізацыя энергазабеспячэння, у тым ліку на аснове новых тэхналогій назапашвання энергіі, у будучыні кардынальна зменіць сістэмы электразабеспячэння. Вялікі акцэнт зроблены на ўзмацненні ролі АКЭ ў транспартным сектары і ў сектары ацяплення. Энергетычная рэнавацыя існуючага фонду жылых будынкаў, ўкараненне энергазберагальных стандартаў і «пасіўнай кліматызацыі» для новых дамоў забяспечаць больш высокі ўзровень камфорту і энергетычных паслуг, але ўжо пры значна меншым спажыванні энергіі. Ветравыя і сонечныя фотаэлектрычныя электрастанцыі стануць важнымі асноватворнымі элементамі будучага энергазабеспячэння.

Пераход да больш устойлівай энергетычнай сістэмы прадугледжвае нізкавугляроднае энергазабеспячэнне, якое дазваляе пазбегнуць ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і здароўе чалавека. Меры па барацьбе са змяненнем клімату патрабуюць доўгатэрміновага планавання, так як для стварэння энергетычнай інфраструктуры і распрацоўкі новых энергетычных тэхналогій неабходны час. Акрамя таго, на ўступленне ў сілу змяненняў дзяржаўнай палітыкі часта таксама патрабуецца досыць шмат часу.

Аднак пераход да энергетычнай сістэмы, у аснове якой ляжыць пераважна аднаўляльная энергія, абяцае велізарныя эканамічныя выгады ў доўгатэрміновай перспектыве дзякуючы значна меншаму спажыванню імпартнага паліва, якое стала даражэе і запасы якога абмежаваныя. Відавочна, што немагчыма ажыццявіць імгненны пераход ад буйной энергетычнай сістэмы, заснаванай на выкапнёвым і ядзерным паліве, да энергазабеспячэння за кошт выключна аднаўляльных крыніц энергіі. Для стварэння неабходнай інфраструктуры спатрэбіцца пераходны этап, таму рэформа энергетычнага сектара павінна ажыццяўляцца паэтапна.

Сонечныя калектары, геатэрмальная энергія (асабліва цеплавыя помпы), а таксама электрычная энергія і вадарод, якія атрымліваюцца з аднаўляльных крыніц, у нарастаючай ступені будуць выцясняць традыцыйныя сістэмы, якія працуюць на выкапнёвых відах паліва, у прамысловым сектары.

Рэформа запатрабуе значных інвестыцый і працы дзяржаўных інстытуцый, але падтрыманне традыцыйнай энергетычнай сістэмы таксама патрабуе значных капітальных выдаткаў і выдаткаў на паліва (нават без уліку ўплыву выкапнёвых відаў паліва на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей), што варта ўлічыць пры прыняцці рашэнняў.

ІСНУЮЧАЯ ПАЛІТЫКА / ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

Сёння вызначальным фактарам для энергетычнай сістэмы Беларусі з’яўляецца высокая залежнасць ад знешніх энергетычных рэсурсаў: амаль 90% паліва, якое выкарыстоўваецца ў энергетычным сектары, імпартуецца з Расіі. Такая высокая залежнасць становіцца прычынай шэрагу сур’ёзных праблем і робіць энергетычны сектар вельмі уразлівым да любых зменаў на газавым рынку.

Павышэнне коштаў на імпартаваны газ з Расіі прыводзіць да павышэння ўнутраных цэн на газ і тарыфаў на электраэнергію ў Беларусі. Акрамя таго, частка абсталявання ў беларускай энергасістэме тэхналагічна састарэла і выпрацавала свой праектны рэсурс, патрабуе мадэрнізацыі альбо замены на сучасныя тэхналагічныя рашэнні. Таму асноўнай мэтай паэтапнага рэфармавання энергетычнага сектара Беларусі павінна стаць скарачэнне аб’ёмаў выкарыстання выкапнёвых відаў паліва і памяншэнне залежнасці ад імпартуемых рэсурсаў.

Акрамя таго, імклівыя змены клімату, якія ўвесь свет адчувае ўжо сёння, негатыўныя экалагічныя і эканамічныя наступствы выкарыстання традыцыйных крыніц энергіі востра ставяць пытанне пра неабходнасць змяненняў як у нацыянальнай, так і ў сусветнай энергетыцы. Усё больш урадаў, навукоўцаў, інстытутаў грамадзянскай супольнасці разглядаюць пераход ад існуючай энергетычнай сістэмы на аснове выкарыстання выкапнёвага і ядзернага паліва да сістэмы, заснаванай пераважна на выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ).

Такі пераход стабілізуе сітуацыю з выкідамі парніковых газаў, надасць дадатковыя імпульсы эканамічнаму росту, дапаможа вырашыць лакальныя праблемы, звязаныя з забруджваннем паветра і ў будучыні забяспечыць краіне і рэгіёнам энергетычную незалежнасць. Гэта наша будучыня, у якой мы будзем мець чыстае гарадское паветра, вуліцы будуць асветленыя сонечнай энергіяй, а транспарт больш не будзе мець патрэбу ў бензіне. Усё, што трэба зрабіць, гэта адмовіцца ад старога стэрэатыпнага мыслення і прызнаць, што новыя тэхналогіі не павінны жыць асобна ад нас.

Апошнія гады ў сектары аднаўляльнай энергетыкі назіраецца ўстойлівае зніжэнне коштаў на сонечныя, ветравыя і іншыя тэхналогіі, таму і агульнасусветнай тэндэнцыяй з’яўляецца стабільны рост долі аднаўляльных крыніцаў энергіі. У лістападзе 2015 г. Беларусь далучылася да Парыжскай дамовы пра змяненне клімату (ратыфікавала яго ў верасні 2016 г.). Заяўленая ў нацыянальна вызначаных абавязацельствах краіны мэта — забяспечыць да 2030 года скарачэнне выкідаў парніковых газаў не менш чым на 28% ад узроўню выкідаў 1990 г.

Дадзеныя абавязацельствы Беларусі абапіраюцца толькі на ўнутраны патэнцыял краіны і прымаюцца без якіх-небудзь дадатковых умоваў (гэта значыць, абавязацельства не прадугледжвае выкарыстанне механізмаў міжнароднага вугляроднага рынку і прыцягненне замежных фінансавых рэсурсаў для ўкаранення найлепшых даступных тэхналогій). Такія высокія паказчыкі мэты грунтуюцца, у асноўным, на планах па ўвядзенні ў эксплуатацыю Беларускай АЭС і далейшых мерах па зніжэнні вугляродаёмістасці эканомікі, але практычна не абапіраюцца на далейшае развіццё аднаўляльных крыніц энергіі (мэта Беларусі па ўкараненні АКЭ — 8% да 2030 года і 9% да 2035-га).

У канцэпцыі энергетычнай бяспекі Беларусі, прынятай у канцы 2015 года, таксама пазначана, што ўзровень залежнасці ад знешніх пастаўшчыкоў застаецца крытычным, і ўстанаўліваюцца канкрэтныя мэты па зніжэнні залежнасці ад паставак з-за мяжы (да 2035 г. доля Расіі ў імпарце энергарэсурсаў павінна быць зніжана на 20%, з 90% да 70%). І ў гэтай стратэгіі ключавым момантам з’яўляецца тое, што газ будзе замяшчацца энергіяй Беларускай АЭС, паліва для якой плануецца закупляць у той жа Расіі.

Прычым гэтая залежнасць стане яшчэ мацней, так як замяніць пастаўшчыка будзе немагчыма. Усё гэта дазваляе казаць пра тое, што стратэгія беларускага ўраду не здольная забяспечыць рэальныя змены ў энергетычнай бяспецы Беларусі і па сутнасці захоўвае статус-кво ў залежнасці ад Расіі, замяняючы толькі віды імпартаванага паліва.

На бягучы момант Беларусь выкарыстоўвае наступныя меры дзяржаўнага стымулявання развіцця АКЭ:

  • гарантаванае падключэнне да дзяржаўных электрасетак і набыццё вырабленай электраэнергіі дзяржаўнай энергазабеспячальнай арганізацыяй;
  • пацвярджэнне паходжання энергіі з АКЭ з дапамогай выдачы сертыфіката;
  • падаткавыя і іншыя льготы, у тым ліку магчымае вызваленне абсталявання ад мытных пошлінаў;
  • выкарыстанне падвышальных каэфіцыентаў кошту энергіі, вырабленай АКЭ ў параўнанні з традыцыйнымі крыніцамі.

Акрамя таго, забяспечаная магчымасць валодання аб’ектамі АКЭ для замежных інвестараў (пры гэтым дзяржава гарантуе набыццё энергіі). Аднак канчатковы спажывец мае магчымасць купляць электраэнергію толькі цэнтралізавана праз дзяржаўнага рэгулятара, не маючы магчымасці закупляць энергію, атрыманую з аднаўляльных крыніц, непасрэдна ў прыватнага вытворцы.

Адметнай асаблівасцю рэгулявання сектара аднаўляльнай энергетыкі ў Беларусі з’яўляецца выкарыстанне механізму кваціравання стварэння установак, якія выкарыстоўваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі. Ён стаў рэакцыяй на высокія тэмпы развіцця АКЭ ва ўмовах наяўнасці падвышаючых каэфіцыентаў і абавязковага выкупу дзяржавай атрыманай энергіі пры недахопе бюджэтных сродкаў, прызначаных для гэтых мэтаў.

У адпаведнасці з дзеючым у Беларусі механізмам колькасць інвестараў і аб’ёмы будаўніцтва новых установак абмежаваныя (акрамя установак, якія выкарыстоўваюцца толькі для гаспадарчай дзейнасці, але не для продажу атрыманай энергіі), у той час як наяўнасць падвышальных каэфіцыентаў для інвестараў, якім удалося атрымаць квоту, гарантаваная на працягу 10 гадоў пасля ўводу ўстаноўкі ў эксплуатацыю.

На дадзены момант колькасць заявак на выдзяленне квотаў на будаўніцтва установак, якія выкарыстоўваюць АКЭ, у разы перавышае ўстаноўленыя дзяржавай аб’ёмы. Механізм квацівання (як і наяўнасць павышаючых каэфіцыентаў) неаднаразова падвяргаўся крытыцы ў тым ліку з боку дзяржаўных органаў у Рэспубліцы Беларусь як неэфектыўны і зводзіць тэмпы развіцця галіны да мінімуму.

Апроч іншага, у адпаведнасці з праграмай развіцця сістэмы тэхнічнага нарміравання, стандартызацыі і пацвярджэння адпаведнасці ў галіне энергазберажэння на 2011-2015 гады распрацавана звыш 100 дзяржаўных і міждзяржаўных стандартаў, з іх больш за 90% адпавядаюць міжнародным і еўрапейскім патрабаванням. У рамках праекта ПРААН / ГЭФ «Павышэнне энергаэфектыўнасці ў жылых будынках у Рэспубліцы Беларусь» было праведзена 55 энергааўдытаў жылых будынкаў, а таксама пабудавана 3 пілотныя шматкватэрныя энергаэфектыўныя жылыя дамы ў Мінску, Гродне і Магілёве. На аснове атрыманага вопыту створаны шэраг тэхнічных патрабаванняў да энергаэфектыўнасці ў жыллёвым будаўніцтве.

У гарадскіх і ў нацыянальных стратэгічных дакументах няма выразна зафіксаваных прыярытэтаў развіцця транспартнага сектара. Пры гэтым транспартны сектар Беларусі расходуе каля 24% ад усёй энергіі, якая спажываецца ў краіне. У цэлым жа, у Беларусі ўжо прымаюцца пэўныя меры для дзяржаўнага стымулявання сектара аднаўляльнай энергіі і павышэння энергаэфектыўнасці. Але пры гэтым патэнцыял высокатэхналагічнага росту сектара сучаснай аднаўляльнай энергетыкі ў краіне застаецца вельмі вялікім, што разам з глыбінным аналізам станоўчых тэндэнцый развіцця і сусветнага вопыту ўкаранення АКЭ дазваляе казаць пра магчымасці ставіць больш амбіцыйныя мэты ўжо да 2025 года.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ І ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

  1. Паменшыць залежнасць ад імпартаваных рэсурсаў.
  2. Скараціць аб’ёмы выкарыстання выкапнёвых відаў паліва.
  3. Скараціць выкіды парніковых газаў.
  4. Максімальна выкарыстоўваць патэнцыял павышэння энергаэфектыўнасці.
  5. Знізіць рост выдаткаў на размеркаванне і транспарціроўку электрычнай энергіі і паліва і стратаў, якія пры гэтым узнікаюць.
  6. Знізіць энергаспажыванне, змяніць паводзінныя мадэлі спажывання.
  7. Забяспечыць энергетычную незалежнасць.
  8. Захаваць здароўе насельніцтва і якасць жыцця шляхам запавольвання росту забруджвання навакольнага асяроддзя.
  9. Знізіць негатыўны ўплыў транспартнага сектара на здароўе жыхароў гарадоў.
  10. Стымуляваць эканамічнае развіццё, звязанае з пашырэннем існуючых і з’яўленнем новых рынкаў і бізнес-мадэляў.
  11. Стварыць актуальныя кампетэнцыі і новыя працоўныя месцы.

АСНОЎНЫЯ МЕРЫ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМАЎ

Рэформа прадугледжвае максімальнае выкарыстанне патэнцыялу павышэння энергаэфектыўнасці і справядлівае размеркаванне энергетычных рэсурсаў. Пры гэтым неабходна ставіць амбіцыйныя, але рэалістычныя мэты максімальнага выкарыстання патэнцыялу павышэння энергаэфектыўнасці. Скарачэнне энергаспажывання досыць раўнамерна размяркоўваецца прамысловасцю, транспартным і бытавым/камерцыйным сектарамі. У аснове гэтага падыходу ляжыць рацыянальнае выкарыстанне, але не поўная адмова ад выкарыстання энергіі, у яго аснове наступныя меры:

Паляпшэнне цеплаізаляцыі і праектавання будынкаў. Будынкі энергаэфектыўнай архітэктуры тэхналогіі «пасіўны дом» маюць практычна нулявыя выкіды вугляроду. Прычым найбольшы эфект можа быць дасягнуты не за кошт будаўніцтва новых будынкаў, а за кошт мадэрнізацыі існуючых. У гэтым напрамку ўрад павінна паскорыць тэмпы мадэрнізацыі існуючага жылога фонду, пры гэтым такая мадэрнізацыя ўсіх будынкаў павінна быць максімальнай, улічваючы доўгі тэрмін іх эксплуатацыі.

Камфорт, які забяспечваецца пры дапамозе гэтай архітэктуры, робіць жыццё і працу людзей у такіх будынках задавальненнем; рацыянальнае выкарыстанне энергіі ў гэтых будынках вядзе да паляпшэння якасці жыцця, а не адмовы ад выкарыстання энергіі.

Электрапрыборы, вытворчыя працэсы, ацяпленне і ахалоджванне вытворчых будынкаў, а таксама ўсе віды транспартных тэхналогіяў утрымліваюць істотны патэнцыял энергаэфектыўнасці. Новыя тэхналогіі будуць укараняцца ва ўсіх сектарах у межах звычайных тэмпаў замяшчэння.

Дэцэнтралізаваныя крыніцы энергіі і маштабнае выкарыстанне АКЭ. Такія крыніцы інтэграваныя ў сістэму мясцовай размеркавальнай сеткі, да якой падлучаныя дамы, офісы, а таксама малыя прадпрыемствы. Мы прапануем выкарыстоўваць размеркаваную энергію – энергію, якая вырабляецца ў месцы спажывання або побач з месцам спажывання. Размеркаваная вытворчасць энергіі — гэта электрастанцыі, падлучаныя да нізкавольтных і сярэдневольтных лініях электраперадачаў з сярэдняй адлегласцю перадачы ад некалькіх сотняў метраў да каля 100 кіламетраў. Магчымыя некалькі розных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў размеркаваных электрастанцыях: сонечныя, наземныя ветравыя турбіны, рэчышчныя гідраэлектрастанцыі, біяэлектрастанцыі і геатэрмальныя электрастанцыі.

* Дэцэнтралізаваныя энергетычныя тэхналогіі могуць быць запушчаныя ў камерцыйную вытворчасць для забеспячэння бытавых спажыўцоў ўстойлівай нізкавугляроднай энергіяй. Павелічэнне доляў тэхналогій размеркаванай вытворчасці энергіі патрабуе адаптацыі энергетычных палітык пад «спажыўцоў, якія выбарабляюць» (prosumers) – спажыўцоў, якія вырабляюць сваю ўласную энергію. Гэтае рашэнне адкрые цэлы новы рынак для фотаэлектрычных батарэяў. Рэформа дапускае, што прыватныя спажыўцы, а таксама малыя і сярэднія прадпрыемствы пры наяўнасці плошчаў для ўстаноўкі сістэмы будуць забяспечваць большую частку спажывання электрычнай энергіі пры дапамозе фотаэлектрычных батарэй і акумулявання энергіі.

Выкарыстанне малых мадэляў ветравых тэхналогій у вытворчасці электраэнергіі для раёнаў, якія не падлучаныя да цэнтральнай электрасеткі, пры дапамозе акумулятарных батарэй.

Выкарыстанне сонечнай энергіі прыватнымі хатнімі гаспадаркамі і малымі прадпрыемствамі. Істотнае скарачэнне кошту сонечных накрышных фотаэлектрычных сістэм прыводзіць да «сеткавага парытэту» практычна ва ўсіх прамыслова развітых краінах. Такім чынам, хатнія гаспадаркі і малыя прадпрыемствы змогуць вырабляць сваю ўласную сонечную электрычную энергію з такімі ж ці меншымі выдаткамі, чым тарыфы на электраэнергію, якая пастаўляецца энергасеткамі.

Аўтаномныя ацяпляльныя / ахаладжальныя сістэмы, падлучаныя да сістэмаў цэнтральнага ацяплення або выкарыстоўваюцца для цепла- або холадазабеспячэння асобнага будынка: сонечныя цеплавыя калектары, ацяпляльныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць энергію біямасы і (геатэрмальныя) цеплавыя помпы (гэта гібрыдныя прылады, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі аднаўляльнай энергіі і энергаэфектыўнасці, і цеплавыя помпы, якія ператвараюць 1 адзінку электрычнай энергіі ў 4 адзінкі цяпла).

Увядзенне ў эксплуатацыю біягазавых комплексаў, якія працуюць на адыходах жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, мясаперапрацоўкі, цукровых заводаў, сцёкавых водаў. Падобныя комплексы дазваляюць выпрацоўваць электраэнергію з біягазу, які атрымліваецца пры закісанні арганічных адыходаў. Прычым біягазавыя ўстаноўкі не толькі вырабляюць электрычную і цеплавую энергію, але і высакаякасныя ўгнаенні, забяспечваюць утылізацыю адходаў, скарачаюць выкіды метану ў атмасферу.

Укараненне інтэлектуальных (разумных – smart-grid) сістэм кіравання генерацыяй і размеркаваннем электраэнергіі. Павелічэнне доляй генерыруючых магутнасцяў размеркаванай сонечнай і наземнай ветравой энергетыкі, падлучаных да размеркавальных і сярэдневольтных сетак, а таксама генерыруючых магутнасцяў ветравых і канцэнтраваных сонечных станцый, падлучаных да ліній электраперадачаў, патрабуе развіцця інфраструктуры як з пункту гледжання фізічнай ўстаноўкі, так і кіравання.

Акрамя таго, размеркаванне генерыруючых магутнасцяў паміж рознымі ўзроўнямі напружання патрабуе пашырэння электрасетак і / або магчымасцяў дыспетчарызацыі. У будучыні існуючыя газавыя трубаправоды і сховішчы могуць быць выкарыстаныя для транспарціроўкі і захоўвання аднаўляльнага вадароду і / або метану.

Такім чынам, існуючыя газавыя электрастанцыі могуць быць выкарыстаныя ў якасці дыспетчарскіх установак, каб пазбегнуць неапраўданых інвестыцый (*аднаўляльны метан можна атрымаць з дапамогай аднаўляльнай электраэнергіі і выкарыстоўваць для эфектыўнага захоўвання энергіі, што вырабляецца пры дапамозе сонечнага выпраменьвання і ветру, а таксама пры неабходнасці выкарыстоўваць яго для забеспячэння электразабеспячэння).

Інвестыцыйныя праекты АКЭ: забяспечыць больш інтэнсіўнае адкрыццё беларускага энергасектару для замежных інвестыцый.

Цеплаэнергетычныя тэхналогіі на аснове аднаўляльных крыніц энергіі з’яўляюцца вельмі рознымі – ад нізкатэхналагічных печаў для спальвання біямасы і непакрытых сонечных калектараў да высокатэхналагічных і складаных геатэрмальных і сонечных сістэм. Такім чынам, неабходны дэталёвы разлік патрэбных аб’ёмаў інвеставання для рэалізацыі мер па маштабным укараненні АКЭ.

Таксама неабходна змяніць механізм кватавання стварэння установак, якія выкарыстоўваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі (пытанні ўстанаўлення квотаў рэгламентаваныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2015 г. №662), таксама і наяўнасць падвышаючых каэфіцыентаў, як неэфектыўных, якія зводзяць тэмпы развіцця галіны да мінімуму.

Адукацыя і падрыхтоўка кадраў для аднаўляльнай энергетыкі ў сувязі са з’яўленнем новых кампетэнцыяў у будаўніцтве і кіраванні энергааб’ектамі на аснове АКЭ.

Устойлівасць транспартнага сектара будзе забяспечвацца пры дапамозе трох розных падыходаў:

  1. Рацыянальнае выкарыстанне:Адмова ад выкарыстання транспарту, калі ў гэтым няма абгрунтаванай неабходнасці, з дапамогай развіцця мадэлі «кампактнага горада».
  2. Змена відаў транспарту:стымуляванне выкарыстання больш устойлівых відаў перамяшчэння (такіх як грамадскі транспарт, хада, язда на ровары) і адмовы ад выкарыстання прыватнага аўтатранспарту.
  3. Удасканаленне:найменш эфектыўныя віды транспарту (напрыклад, прыватныя легкавыя аўтамабілі) павінны стаць максімальна эфектыўнымі.
    Стратэгічным прынцыпам канцэпцыі гарадской мабільнасці, які спрыяе ўстойлівай мабільнасці, з’яўляецца якасць гарадскога асяроддзя, уключаючы вуліцы і прасторы, якія павінны стымуляваць выбар на карысць устойлівай мабільнасці, што, у сваю чаргу, павышае якасць жыцця, робячы яе бяспечнай, эканамічна эфектыўнай, устойлівай і інклюзіўнай.

Такім чынам, павышэнне ўзроўню энергаэфектыўнасці ў транспартным сектары стане вынікам пераразмеркавання перавозак паміж відамі транспарту, росту папулярнасці высокаэфектыўных відаў транспартных сродкаў такіх, як электрамабілі, меркаваных змяненняў у паводзінных мадэлях кіравання, а таксама рэалізацыі мер па павышэнню эфектыўнасці рухавікоў унутранага згарання.

На думку беларускіх экспертаў, гэтыя меры ўжо часткова запланаваныя ў бягучай палітыцы Беларусі. Аднак хуткасць ўкаранення гэтых мер моцна зніжаная. Задача заключаецца ў тым, каб прапанаваць грамадзянам стымулы карыстацца малалітражнымі аўтамабілямі і купляць новыя, больш эфектыўныя мадэлі аўтамабіляў. Акрамя таго, жыццёва важна перайсці на выкарыстанне энергаэфектыўных відаў транспарту такіх, як чыгунка, гарадскі наземны рэйкавы транспарт і аўтобусы, асабліва ў сталічным рэгіёне, які пашыраецца.

Дзякуючы такому падыходу і рэалізацыі мераў, прыведзеных ніжэй, транспартны сектар будзе захоўваць залежнасць ад імпарту энергарэсурсаў, але ўжо ў значна меншых працэнтных суадносінах і абсалютных лічбах.

Стварыць комплексныя гарадскія і нацыянальныя транспартныя стратэгіі, планы мабільнасці (сёння рэалізуюцца толькі ў гарадах Полацку і Наваполацку). Гэтыя дакументы павінны ахопліваць усю транспартную праблематыку. Неабходна праводзіць мерапрыемствы па развіцці пешаходнага і веласіпеднага руху, партатыўнага транспарту, затым грамадскага пасажырскага транспарту, затым асабістага аўтамабільнага транспарту.

Укараніць механізмы кіравання транспартным попытам (на сёння прымяняюцца толькі платныя паркоўкі ў гарадах):

  1. Стварыць зону платнай аўтамабільнай паркоўкі ва ўсіх цэнтрах вялікіх гарадоў;
  2. Увесці платны ўезд у гарады;
  3. Забараніць транзітны рух праз гарады;
  4. Зрабіць некаторыя вуліцы пешаходнымі;
  5. Знізіць абмежаванне хуткасці ў гарадах да 30 і 50 км/г;
  6. Увесці сістэму падаткаў, якая карэктуецца.

Рэалізоўваць горадабудаўнічыя праекты, якія зніжаюць патрэбу ў перамяшчэнні жыхароў шляхам стымулявання будаўніцтва шматфункцыянальнай забудовы, якая зніжае патрэбу ў перамяшчэнні жыхароў.

Укараніць механізмы эканамічнай кампенсацыі негатыўнага экалагічнага ўздзеяння транспарту. Неабходна распрацаваць метадалогію вызначэння поўных выдаткаў грамадства на паездкі рознымі відамі транспарту; распрацаваць і ўкараніць эканамічны механізм, які б кампенсаваў грамадству ўтоеную субсідыю на выкарыстанне транспартнага сродку і стымуляваў грамадзян выкарыстоўваць найбольш экалагічна, энергетычна і эканамічна эфектыўны від транспарту.

Развіццё гарадскога пасажырскага транспарту. Неабходна стымуляваць павышэнне якасці і хуткасці пасажырскага транспарту, а таксама яго электрыфікацыі. Таксама стварэнне і паэтапнае ўкараненне транспартнай сістэмы, у якой можна лёгка камбінаваць віды транспарту. Развіццё розных формаў сумеснага выкарыстання паездак на аўтамабілі, стымуляванне адмовы ад валодання аўтамабілем у выключнай уласнасці (каршеринг, карпул).

Развіццё электрамабільнага транспарту. Рэалізацыя распрацаванай і зацверджанай у лістападзе 2018 г. «Праграмы развіцця зараднай інфраструктуры і электрамабільнага транспарту ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2025 гады». Стварэнне дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў.

Развіццё велатранспарту і байкшэрынгу. Пастаноўка амбіцыйных мэтаў у галіне развіцця веларуху і распрацоўка адпаведных праграм, стымуляванне выкарыстання велатранспарту, стварэнне гарадскіх велапракатаў.

Развіццё пешаходнага руху і партатыўнага транспарту. Неабходныя меры: стымуляваць выкарыстанне скутэраў, сігвееў, хавербордаў, самакатаў і іншага партатыўнага транспарту; стварэнне пешаходных вуліц, змяненне характару вуліцаў, якія больш спрыяюць пешаходнаму руху; змяненне адпаведных нарматыўных дакументаў.

Падрыхтоўка нарматыўнай базы для распаўсюджвання тэхналогіі беспілотных аўтамабіляў.

Развіццё электрычных аўтамабіляў, павелічэнне доляў ветравой і сонечнай энергетыкі запатрабуюць выкарыстання тэхналогій акумулявання энергіі такіх, як вадарод, аднаўляльны метан і гідраакумулюючыя электрастанцыі.

Акумуляцыя энергіі з дапамогай батарэяў, партатыўных прыладаў захоўвання энергіі (яны таксама ляжаць у аснове прывадных сістэмаў такіх, як транспартныя сродкі з гібрыдным прывадам і ўсе аўтамабілі з электрычным прывадам) павялічыць гнуткасць энергетычнай сістэмы для інтэграцыі электрасетак, забеспячэння збалансаванасці нагрузкі і надзейнага энергазабеспячэння.

*Многія эксперты ў галіне энергетыкі разглядаюць выкарыстанне новых тэхналогій акумулятарных батарэяў у спалучэнні з вытворчасцю таннай сонечнай электраэнергіі як патэнцыйную рэвалюцыйную тэхналогію, якая можа кардынальна змяніць будучыя энергетычныя рынкі.

Каб арганізаваць пераход да энергетычнага рынку з высокай доляй АКЭ, спатрэбяцца адпаведныя інструменты дзяржаўнай палітыкі, якія забяспечаць планаванне і бяспеку інвестыцый для малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Такія інструменты павінны, у першую чаргу, забяспечваць доступ да інфраструктуры – лініяў электраперадачы, газаправодаў, сістэмаў цэнтралізаванага цеплазабеспячэння, каб можна было пастаўляць электрычную энергію, вадарод, аднаўляльны метан і/або аднаўляльнае цяпло спажыўцам.

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ

– Савет Міністраў

– Міністэрства энергетыкі

– Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

– Закон Рэспублікі Беларусь “Аб аднаўляльных крыніцах энергіі” (ад 27 снежня 2010 г. № 204-З)

– Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.05.2015 г. №209 «Аб выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі»

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2015 г. № 66265, якой рэгламентуецца механізм кватавання стварэння установак, якія выкарыстоўваюць АКЭ

– Пастанова Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь №100 “Аб тарыфах на электрычную энергію, што вырабляецца з аднаўляльных крыніц энергіі…” ад 30 чэрвеня 2011 г.

– Канцэпцыя энергетычнай бяспекі (пастанова Савета Міністраў ад 23.12.2015 № 1084)

– Нацыянальны план дзеянняў па развіццю зялёнай эканомікі ў Беларусі

– План мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення да Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб змяненні клімату (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 2016 г. №345 у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2018 г. №491)

– Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2010 № 625 «Аб некаторых пытаннях скарачэння выкідаў парніковых газаў»

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2005 №1582 «Аб рэалізацыі палажэнняў Кіёцкага пратакола да Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб змяненні клімату»

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.04.2006 №485 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку вядзення Дзяржаўнага кадастру антрапагенных выкідаў з крыніц і абсорбцыі паглынальнікамі парніковых газаў»

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.05.2006 №585 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб нацыянальнай сістэме інвентарызацыі парніковых газаў»

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25.08.2006 №1077 «Аб Нацыянальным рэестры вугляродных адзінак Рэспублікі Беларусь»

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2009 № 466 «Аб парадку прадстаўлення, разгляду і маніторынгу праектаў па добраахвотным скарачэнні выкідаў парніковых газаў»

– Стварэнне комплексных гарадскіх і нацыянальных транспартных стратэгій, планаў мабільнасці

– Падрыхтоўка нарматыўнай базы для распаўсюджвання тэхналогіі беспілотных аўтамабіляў.

Leave a Comment

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Scroll to Top